Дэпутат Берасцейскага абласнога савета распісаўся ў сваім бяссіллі



Дэпутат Берасцейскага абласнога савета Віталь Юркевіч з Баранавіч распісаўся ў сваім бяссіллі. Да яго па дапамогу звярнуліся больш за 30 мясцовых прадпрымальнікаў. Яны прасілі разабрацца і дапамагчы вярнуць грошы 72–гадовай Ніне Снуйко. Жанчына заказала гранітны помнік загінуламу ў дарожна-транспартным здарэнні адзінаму сыну яшчэ ў 2014 годзе ў фірме “ЭлітГрандПамяць”. І да гэтага часу не атрымала ні помніка, ні грошай. Па судовым рашэнні фірма павінна вярнуць ёй грошы. Але судовае рашэнне не выконваецца. Судовыя выканаўцы бяздзейнічаюць.

Віталь Юркевіч адказаў, што гэта не яго справа, кажа прадпрымальнік Мікалай Чарнавус:

Здавалася б, навошта ты ідзеш у дэпутаты, калі ты нічога не можаш зрабіць. Аб’яві тады выбарцам, што я выконваю толькі пытанні ўлады, а выбарцаў — не.

Паводле Мікалая Чарнавуса, прадпрымальнікі чакаюць, што адкажа пракуратура і мясцовы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, куды яны таксама звярнуліся па дапамогу.

Беларускае Радыё Рацыя