Дэпутат Марзалюк: У Беларусі трэба стварыць інстытут нацыянальнай памяці



У Беларусі трэба стварыць інстытут нацыянальнай памяці. Такое меркаванне на пленарным пасяджэнні II з’езда вучоных Беларусі 13 снежня ў Менску выказаў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы гісторык Ігар Марзалюк.

Паводле яго слоў, інстытут нацыянальнай памяці можа стаць экспертным цэнтрам каардынацыі, які „дазволіць выразна і дакладна вызначыць нашы прыярытэты і аб’ектыўны вобраз нашага мінулага, пастаянна адсочваць гістарычную памяць нашых суседзяў і апанентаў, аператыўна рэагаваць на спробы фальсіфікацыі і скажэння гісторыі Беларусі”.

Дэпутат падкрэсліў, што вывучэнне айчыннай гісторыі з’яўляецца „адным з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі”, бо разам з літаратурай гісторыя „фармуе асобу”.

Я заўсёды выступаў супраць забароненых тэм у гісторыі, бо забарона заўсёды і ўсюды была і застаецца найлепшай рэкламай, а хлусні можна супрацьстаяць толькі праўдай, — сказаў Марзалюк. — У сувязі з гэтым мы павінны ў самыя кароткія тэрміны выпрацаваць сваю праўдзівую навуковую канцэпцыю нацыянальнай гісторыі, зразумець і прыняць усё гераічнае і трагічнае, што адбывалася ў нашай краіне, навучыцца слухаць і чуць адзін аднаго і не забываць галоўнае: радыкальная палітызацыя гістарычнага мінулага багатая сур’ёзнымі сацыяльнымі катаклізмамі„.

Ён прапанаваў прыцягнуць найлепшых даследчыкаў гісторыі краіны і правесці кангрэс беларускіх гісторыкаў. „Яму павінна папярэднічаць чарнавая і мазольная дзейнасць па выпрацоўцы агульных пазіцый, у тым ліку па навуковай тэрміналогіі, ацэнцы найважнейшых момантаў беларускага мінулага”, — адзначыў Марзалюк. БелаПАН