Дэпутаты прапануюць абавязаць журналістаў абазначаць сябе на акцыях



Беларускія дэпутаты прапануюць абавязаць журналістаў абазначаць сябе на масавых акцыях. Гэта прадугледжвае праект закона «Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы па пытаннях правядзення масавых мерапрыемстваў», прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні.

Каментуе прадстаўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч:

– Могуць асвятляць падзеі толькі журналісты, акрэдытаваныя ў Рэспубліцы Беларусь, калі гэта датычыцца замежных СМІ, альбо нейкіх СМІ беларускіх, яны мусяць быць абазначаны нейкім добра бачным сімвалам – камізэлькай ці бэйджам. Але гэта ўтварае праблему, як я разумею, для працы СМІ, якія акрэдытацыі ў Беларусі не маюць. І, адпаведна, яны не будуць расцэньвацца прадстаўнікамі МУС як журналісты, а проста як удзельнікі. Хоць па сутнасці сваёй яны журналісцкую функцыю выконваюць.

У Беларусі існуе шэраг СМІ, якія не маюць акрэдытацыі ў Беларусі, і ўлады адмаўляюць у ёй. У прыватнасці, гэта Беларускае Радыё Рацыя, тэлеканал „Белсат” і некаторыя іншыя медыя.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя