Для дапамогі Святаславу Барановічу сабрана тысяча долараў
1 тысячу долараў ЗША сабралі валанцёры кампаніі By_help для дапамогі актывісту Святаславу Барановічу, які адбывае пакаранне за “напад на міліцыянтаў у цывільным”. Маладога мужчыну асудзілі на 3 гады за тое, што па завяршэнні санкцыянаванай уладамі акцыі імкнуўся абараніць анархістаў ад брутальнага затрымання. Амаль адразу па агучванні прысуду стартаваў збор сродкаў.
Паводле аднаго з каардынатараў акцыі салідарнасці Андрэя Стрыжака, усе сабраныя грошы перададзеныя роднай сястры Святаслава Барановіча:
– Грошы, як гэта было і раней, перадаваліся людзьмі з усёй Беларусі і замежжа таксама. Збіраліся яны звыклай кампаніяй, тыя ж самыя актывісты, якія рабілі By_help, – гэта Аляксей Лявончык, Юлія Дарашкевіч і я, Андрэй Стрыжак. Мы сабралі грошы, і яны былі перададзеныя роднай сястры Святаслава, якая прадстаўляе іх сям’ю ў камунікацыі з дзяржаўнымі органамі. І з самім Святаславам яны ўвесь час на сувязі.
Святаслаў Барановіч быў затрыманы за тое, што 15 сакавіка 2017 года падчас дазволенага “Маршу недармаедаў” у Менску нанёс некалькі ўдараў міліцыянту ў цывільным, які ўдзельнічаў у брутальным затрыманні моладзі на прыпынку грамадскага транспарту. Падчас судовага пасяджэння Барановіч не пагадзіўся са следствам, што дакладна ведаў пра прыналежнасць “пацярпелага” да праваахоўных органаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота з сайта palitviazni.info