Для экс-кіраўніка „Аховы птушак Бацькаўшчыны” просяць 2,5 гады калоніі
Экс-кіраўніку таварыства „Ахова птушак Бацькаўшчыны” Віктару Фенчуку пагражае 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму.

Такое пакаранне запрасіў бок абвінавачання, перадаюць праваабаронцы. Пракурор заявіў, што „такія паводзіны чалавека, які прадстаўляе Беларусь на міжнароднай арэне, проста недапушчальныя”. За ўдзел у маршах пратэсту Фенчука вінавацяць у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Дзяржабвінаваўца просіць спагнаць з яго 196 тысяч рублёў на карысць „Менсктрансу”.
Судовы працэс праходзіць у Маскоўскім судзе Менска. Экаактывіст знаходзіцца пад вартай з 31 жніўня мінулага года. Да матэрыялаў справы следства далучыла фотаздымкі з маршаў. Таксама вядома, што ў Віктара канфіскавалі кубачак з надпісам „Для чаю з малінавым варэннем”.
