Для каго Свята працы, а для каго – Міжнародны дзень салідарнасці працоўных



Незалежныя прафсаюзы сёлета вырашылі не праводзіць акцыю 1 мая. 

Пра прычыны адмовы ад урачыстага адзначэння гэтай даты распавёў старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук:

– Прычына самая што ні на ёсць празаічная. Плаціць такія дзікунскія сумы, якія яны высоўваюць, гэта не паважаць сябе. Паглядзелі іхныя кошты, гэта пацягнула б на некалькі тысяч даляраў толькі на аплату паслуг міліцыі.  За што? Гэта ж наўмысна робіцца. Мы бачылі перад сабой досвед арганізатараў Дня Волі і Чарнобыльскага шляху, абсалютна відавочна, што зараз ніхто не будзе ніякіх акцый ладзіць, бо грошай няма. Нашы грошы – гэта ўнёскі сяброў прафсаюзаў. Такім чынам распараджацца імі? А па-другое, апошнім часам сёр’ёзны ціск на нашу галоўную арганізацыю Незалежных прафсаюзаў гарнякоў. Яны страцілі каля 700 чалавек. І гэта сур’ёзна падарвала і нашу фінансавую базу. Але каб і шмат грошай было, то гэта, насамрэч, сябе не паважаць – сплачваць каму і за што?

Сённяшняе свята мае даўнюю перадгісторыю, менавіта сёння 130 гадоў таму ў ЗША пачаліся выступы чыкагскіх працоўных, якія скончыліся сутыкненнямі з паліцыяй і кровапраліццем. Пазней, дадзеная дата стала адной з галоўных для працоўных розных краін, якія змагаліся за свае правы. У канчатковым выніку гэтая барацьба не засталася безвыніковай і многія з нас ходзяць на звычайную 8-гадзінную працу шмат у чым дзякуючы таму самаму выступу чыкагскіх працоўных, а таксама  іх паслядоўнікаў на гэтым шляху, адсюль і класічная назва свята „Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных”.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Гутарыў Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя