Для каронавірусных хворых аддалі траціну бальнічных ложкаў у Беларусі
Траціну ложкаў у беларускіх бальніцах ўжо перапрафілявалі для хворых з каронавіруснай інфекцыяй. Пра гэта распавёў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч у эфіры тэлеканала «Беларусь 1». Таксама ён яшчэ раз сказаў, што школьнікаў не будуць адпраўляць на датэрміновыя вакацыі або анлайн-навучанне: на думку Піневіча, гэта можа быць небяспечна для іх бабуль і дзядуляў.
«З аднаго боку мы можам казаць, што ложкаў у нас хапае. Мы перапрафілявалі 32 тысячы ложкаў, гэта траціна ад ложкавага фонду краіны. Безумоўна, гэта шмат. 2500 ложкаў зараз вольныя. Але нам бы хацелася, каб іх было 5000», – сказаў Піневіч.
Паводле яго слоў, у Беларусі 2800 апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх (колькі з іх задзейнічаны – ён не ўдакладніў).
Па словах Піневіча, штам «дэльта» аказаўся асабліва цяжкім. Ён распавёў, што з’явіліся цяжарныя жанчыны ў цяжкім стане, у рэанімацыю сталі часцей трапляць пацыенты ва ўзросце каля 30 гадоў, а сімптомы хваробы цяпер выяўляюцца ў тым ліку і ў дзяцей.
«Пытанне нават не ў колькасці тых, хто захварэў. Пытанне, на жаль, у цяжкасці хваробы. Калі першыя хвалі ішлі даволі лёгка (так, сапраўды быў пажылы ўзрост), то цяпер і цяжкасці хваробы і ўзрост [хворых] знізіліся досыць крытычна», – сказаў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.