Ці прынясе беларусам таннейшыя візы візіт Магерыні?



Для падпісання пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму, якое дазволіць беларусам плаціць за «шэнген» 35 еўра, разглядаецца магчымасць прыезду ў Менск прадстаўніка ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыкі Магерыні. Пра гэта  заявіла кіраўнік Прадстаўніцтва ЕЗ у Менску Андрэа Віктарын.

Уладзімір Макей і Федэрыка Магерыні, 2016 год. Фота: European Union

Нагадаем, 12 ліпеня ў афіцыйным часопісе ЕЗ было апублікавана рашэнне Савета ЕЗ аб ​​змяненні візавага кодэкса, які прадугледжвае павелічэнне кошту шэнгенскіх віз да 80 еўра з 2 лютага наступнага года.

Андрэа Віктарын яшчэ раз пацвердзіла, што Беларусь і ЕЗ паспеюць падпісаць пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму да падаражэння шэнгенскіх візаў.

«Тут важна сказаць, што мы завяршылі ўсе перамовы па тэксце пагаднення ў чэрвені. Зараз дакумент праходзіць унутрыдзяржаўныя працэдуры ўзгаднення ў Беларусі і ў ЕЗ. Сёння раніцай на сустрэчы з міністрам Макеем мы казалі пра тое, што падпішам пагадненне восенню. Дакладная дата яшчэ не вызначана, але павінна ж я пакінуць нейкую працу для свайго пераемніка. Я цвёрда ўпэўненая, што гэты дакумент мы падпішам», – заявіла Віктарын.

Дыпламат таксама адзначыла, што для падпісання дамовы ў Менск, магчыма, прыедзе кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Федэрыка Магерыні.

«Можа быць, можа быць. Такая магчымасць разглядаецца, абмяркоўваюцца даты, якія неабходна ўзгадніць. Але ў яе ёсць імкненне наведаць Беларусь», – сказала Віктарын.

TUT.BY