Для Пінска ствараюць новы брэнд
У Пінску на другой сустрэчы гарадской бізнес-школы, якая адбудзіцца 13 снежня, прэзентуюць варыянты брэнда Пінска. Візітоўка павінна сведчыць аб інвестыцыйным патэнцыяле і турыстычнай прывабнасці сталіцы Палесся. Брэнд распрацоўваюць студэнты Палескага дзяржаўнага універсітэту.
“Пінск мае шэраг пазнавальных гісторыка-культурных лагатыпаў, якія трэба прасоўваць, навошта нам яшчэ нешта”, – лічыць дырэктар Турыстычна-візавага агенцтва Вадзім Макееў:
– Кожнае прадпрыемства мае свой лагатып. Для горада культурны лагатып ёсць. Але навошта яшчэ прыдумляць нейкі эканамічны лагатып, дадаткова да існуючага. Вялікія сумненні ёсць у патрэбе гэтага брэнда. Бо для якіх патрэб ён будзе ўжывацца, у якіх сферах, і наогул – навошта ён?
Ідэя стварэння брэнда Пінска нарадзілася ў кастрычніку на першай сустрэчы гарадской бізнес-школы. Яе ўхвалілі і падтрымалі мясцовыя ўлады. Калі брэнд будзе прыняты, то ўжо ў сакавіку наступнага году павінны з’явіцца сувенірныя вырабы з выявай новага брэнду Пінска.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя