Для прадпрыемстваў могуць увесці квоту на прыём на працу інвалідаў



У Беларусі распрацавалі праект закона «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». Дакумент падрыхтавалі ў 2018 годзе, у красавіку яго плануюць унесці ў парламент, паведамілі ў Мінпрацы. Праектам прапануецца з 1 студзеня 2023 года ўстанавіць для наймальнікаў квоту для прыёму на працу інвалідаў.

«У мэтах працаўладкавання інвалідаў наймальнікам, за выключэннем арганізацый, маёмасць якіх знаходзіцца ва ўласнасці грамадскіх аб’яднанняў інвалідаў, усталёўваецца квота для прыёму на працу інвалідаў у памеры трох адсоткаў ад сярэдняспісачнай колькасці работнікаў, – гаворыцца ў праекце дакумента. – Пры вылічэнні квоты для прыёму на працу інвалідаў у сярэдняспісачную колькасць работнікаў не ўключаюцца работнiкi, умовы працы якіх аднесены да шкодных і (або) небяспечных».

Як плануецца, парадак ўстанаўлення наймальнікам квоты для прыёму на працу інвалідаў і яе выканання будзе вызначацца Саўмінам.

Адзначым, што ў Расеі ўжо дзейнічае квота на прыём на працу інвалідаў.

Акрамя таго, праектам закона прадугледжана ўвядзенне новых артыкулаў: асноўныя правы інвалідаў; недапушчальнасць дыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасці; абарона правоў інвалідаў і адказнасць за парушэнне правоў інвалідаў; асветніцка-выхаваўчая праца (меры па фарміраванні ў грамадстве паважлівага стаўлення да правоў і годнасці інвалідаў, прыцягненню ўвагі да іх праблем).

zviazda.by