Расейскія дыпламаты будуць дамагацца экстрадыцыі палітвязня Ягора Дуднікава (абноўлена)
Расейскія дыпламаты будуць дамагацца экстрадыцыі грамадзяніна РФ Ягора Дуднікава, якога судзяць у Беларусі. Пра гэта піша RT са спасылкай на яго дзяўчыну Дзіяну.
Паводле яе інфармацыі, сёння, 23 снежня, прайшлі спрэчкі бакоў. Абарона будзе аспрэчваць прысуд пасля яго абвяшчэння.
Нагадаем, дзяржабвінавачанне запытала для Ягора Дуднікава 11 гадоў. Рашэнне агучаць 27 снежня.
Суд над ім пачаўся 20 снежня, яго справу ў Менскім гарадскім судзе разглядае суддзя Сяргей Хрыпач. Дуднікаў абвінавачваецца ў закліках да дзеянняў, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі (ч. 3 арт. 361 КК) і распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці або розні (ч. 3 арт. 130 КК).
Згодна з матэрыяламі справы, Дуднікаў сёлета з 19 студзеня па 21 мая размясціў у адным з чатаў 55 агучаных ім галасавых паведамленняў пабуджальнага характару з «мэтай нагнятання напружанасці і канфліктнасці ў грамадстве і дзяржаве».
На думку абвінавачвання, паведамленні распальвалі сацыяльную варожасць і варожасць па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці, фармавалі адмоўны вобраз прадстаўнікоў улады і непрыязнасць да іх, заклікалі да захопу ўлады і іншых дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы.
Паводле reform.by
***
Для расейца Ягора Дуднікава запрасілі 11 гадоў турмы.
Яго абвінавачваюць у “распальванні варажнечы групай асоб” і “закліках да дзеянняў, якія шкодзяць нацбяспецы, з выкарыстаннем інтэрнэту”. Максімальнае пакаранне па гэтых артыкулах — 12 гадоў.
Прысуд будзе агучаны бліжэйшым часам.
Беларускае Радыё Рацыя