Для распрацоўкі новай канцэпцыі Дэкрэта №3 стварылі працоўную групу
Для распрацоўкі новай канцэпцыі Дэкрэта №3 стварылі спецыяльную міжведамасную працоўную групу, у якую ўключылі кіраўнікоў многіх ведамстваў, а таксама навукоўцаў. Кіруе групай намеснік прэм’ер-міністра Васіль Жарко. Праект зменаў у дэкрэт плануюць прадставіць на разгляд Аляксандру Лукашэнку ў пачатку чэрвеня, паведамілі FINANCE.TUT.BY у Саўміне.
Нагадаем, Лукашэнка падчас звароту з пасланнем да народа і дэпутатаў выказаўся з нагоды нашумелага Дэкрэта №3. Ён прапанаваў парламентарыям прадумаць такую канцэпцыю, якая прымусіць працаваць перш за ўсё 350 тысяч чалавек, якія неканкурэнтныя на рынку працы і «не хочуць працаваць». «Што будзем з імі рабіць? Калі вы прапануеце альтэрнатыву, як прымусіць іх працаваць, я адступлюся», — заявіў ён.
Літаральна за два дні да гэтага — 19 красавіка — прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў падпісаў распараджэнне аб стварэнні міжведамаснай рабочай групы для распрацоўкі новай канцэпцыі Дэкрэта №3 пад старшынствам Васіля Жарко. У яе трапілі амаль тры дзясяткі чалавек, у тым ліку многія міністры — працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, фінансаў Уладзімір Амарын, эканомікі Уладзімір Зіноўскі, адукацыі Ігар Карпенка, аховы здароўя Валерый Малашка, па падатках і зборах Сяргей Налівайка, сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў, транспарту і камунікацый Анатоль Сівак, жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў.
У групу таксама ўключылі намесніка старшыні Савета Рэспублікі Марыяну Шчоткіну, дэпутатаў — Тамару Красоўскую і Баляслава Пірштука, намесніка старшыні Менаблвыканкама Віктара Сірэнку, намесніка дырэктара ПВТ па маркетынгу і развіцці Аляксандра Марцінкевіча, дырэктара Інстытута эканомікі НАН Беларусі Валерыя Бельскага і іншых.
„Працягваецца праца над выпрацоўкай зменаў у Дэкрэт №3, у пачатку чэрвеня, як плануецца, іх накіруюць на разгляд кіраўніку дзяржавы, — паведамілі ў Саўміне. — Пасяджэнні рабочай групы праходзяць па меры неабходнасці”.
Удзельнікі групы не афішуюць, якія варыянты змяненняў у дэкрэт яны разглядаюць.
„Вядзецца праца. Абмяркоўваецца практыка рэалізацыі дэкрэта, улічваюцца ўсе праблемныя моманты, каб выпрацаваць нейкія новыя падыходы, унесці прапановы кіраўніку дзяржавы”, — адзначыла дырэктар цэнтра даследаванняў дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Ірына Сідарчук.
Па яе словах, задача групы — «прааналізаваць плюсы і мінусы дэкрэта, для гэтага ўлічваюцца і грамадскае меркаванне, і публікацыі ў СМІ, і меркаванне дзяржслужачых».
“Дэкрэт быў і будзе, абмяркоўваюцца варыянты, як яго ўдасканаліць. У пасланні прэзідэнт сказаў пра тое, як прымусіць працаваць тых, хто не хоча працаваць. Сёння толькі пра гэтых людзей ідзе гаворка. Але яшчэ рана пра нешта казаць, пакуль усё ў працы, мы старанна працуем”, — удакладніла дэпутат Тамара Красоўская.
Дырэктар Інстытута эканомікі НАН Беларусі Валерый Бельскі таксама не стаў канкрэтызаваць, якія варыянты змяненняў група разглядае, але паведаміў, што ў бліжэйшы час павінны стаць вядомыя прамежкавыя вынікі.
Паводле tut.by