Для трансляцыі выступаў дэпутатаў у Гародні няма магчымасцей
Актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Банцар атрымаў адказ з дзяржаўнага тэлеканала “Гродна Плюс” і тэлерадыёкампаніі “Гродна” пасля свайго звароту з просьбаю трансляваць пасяджэнне гарадскіх дэпутатаў. Прадстаўнікі тэлеканалаў адказалі, што ажыццяўляць трансляцыі няма тэхнічных магчымасцяў.
Ігар Банцар такім адказам не задаволены:
— Як вынікае з адказаў нашых тэлекампаній: у дваццаць першым стагоддзі у тэлекампаніі ў Гародні няма тэхнічных магчымасцей, якія дазволілі б весці наўпроставыя трансляцыі. Выходзіць, што нейкі футбольны матч у жывым эфіры гарадзенскага тэлебачання можна паказаць, чарговае пераразанне чырвонай стужкі на нікому непатрэбных мерапрыемствах яны паказаць могуць, а на тое, што цікавіць непасрэдны выбарцаў, у іх няма тэхнічнай магчымасці.
На думку Ігара Банцара гарадзенскія актывісты будуць і надалей дабівацца трансляцыі пасяджэнняў дэпутатаў
— Мы хочам напісаць кіраўніцтву Гарадзенскага гарвыканкаму і аблвыканкама, каб яны знайшлі сродкі ў бюджэце на набыццё адпаведнай апаратуры для гарадзенскіх тэлеканалаў, бо ў ХХІ стагоддзі не мець магчымасці правесці жывы эфір гэта нонсэнс. Няхай нам кіраўнікі горада і вобласці адкажуць, чаму дагэтуль няма апаратуры ў гарадзенскіх тэлеканалаў і няхай яны глянуць куды ідуць грошы, што выдзяляюцца на тэлеканалы.
Яшчэ ў сярэдзіне траўня яшчэ адзін гарадзенскі актывіст Анатоль Мышкевіч стварыў петыцыю і збірае подпісы за тое, каб пасяджэнні Гродзенскага гарвыканкама трансляваліся на афіцыйнай сайце ў адкрытым доступе. Перад гэтым гарадскія ўлады пісьмова паведамілі Мышкевічу, што лічаць яго прапанову немэтазгоднай.
Беларускае Радыё Рацыя