Дні народзінаў у палітвязняў Алега Ардзюка і Валерыя Мельнічука
17 лістапада – у гэты дзень адзначаюць свой дзень народзінаў адразу два палітвязні з Берасцейшчыны. За кратамі свята сустрэнуць Алег Ардзюк і Валерый Мельнічук.
Палітвязню Алегу Ардзюку былі прад’яўленыя абвінавачванні па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — Удзел у масавых беспарадках. Крымінальная справа заведзеная пасля падзей у Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года. Хлопца затрымалі ў войску, калі ён праходзіў тэрміновую службу. Суддзя – Святаслаў Каліна. Прысуд – 3 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Дакладнае месца знаходжання Алега Ардзюка праваабаронцам не вядомае.
У сваю чаргу палітвязню Валерыю Мельнічуку былі прад’яўленыя абвінавачванні па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — Удзел у масавых беспарадках. Жыхар Берасця з’яўляецца фігурантам справы за акцыі пратэсту ў горадзе ў жніўні 2020 года. Прысуд – 4 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ліставаць можна ў папраўчую калонію №17.
Беларускае Радыё Рацыя