Дні Палоніі ў Гародні
Выступы харавых калектываў з Польшчы і Беларусі адбудуцца 15-16 траўня бягучага года ў Гародні. У межах адзначэння Дзён Палоніі горад над Нёманам наведаюць хоры “Фермата” і “Антідотум” з горада Кельцы.
У пятніцу, 15 траўня, яны выступяць у гарадзенскім Новым замку. Як зазначае кіраўнік аддзела культуры Саюза палякаў на Беларусі Вераніка Шарэйка, канцэрты польскай песні ў Гародні заўсёды карыстаюцца папулярнасцю – не будуць выключэннем і сёлетнія:
– Стараемся падтрымаць польскія традыцыі тут у нас на Гарадзеншчыне. Мы шмат зрабілі, шмат дасягнулі ў галіне культуры. Мы маем шмат суполак, якія працуюць пры Саюзе. І мы рухаемся наперад.
16 траўня канцэрты польскіх калектываў працягнуцца ў касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля. Да выступаў далучыцца і рэпрэзэнтацыйны хор Саюза палякаў на Беларусі “Голас з-над Нёмана”. Мерапрыемствы зарганізаваныя супольнымі намаганнямі Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні і непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюза палякаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота dic.academic.ru