Добраахвотнік Аватараў асуджаны на 5 гадоў турмы
Беларускі баец Добраахвотніцкага ўкраінскага корпуса «Правага сектара» Тарас Аватараў асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці за незаконны абарот і кантрабанду выбуховага прыстасавання.
Такі прысуд абвясціла 5 мая суддзя Фрунзенскага раёна Менска Жанна Жукоўская. Аватараў слухаў прысуд у наручніках.
Тарас Аватараў і яго абарона будуць абскарджваць прысуд суда Фрунзенскага раёна ў Менскім гарадскім судзе. Пра гэта журналістам заявіла адвакат юрыдычнай кансультацыі Цэнтральнага раёна Менска Крысціна Марчук. «Мы лічым прысуд незаконным і неабгрунтаваным, мы будзем яго абскарджваць», — сказала яна. У якасці довадаў абароны адвакат прывяла тыя ж пазіцыі, якія выказвала на судзе падчас спрэчак 3 мая. Абарона, у прыватнасці, аспрэчвала вынікі выбуховатэхнічнай экспертызы выбуховага прыстасавання, канфіскаванага ў Аватарава, і назвала іх няслушнымі.
«Калі Аватараў парушыў нормы заканадаўства, дык ён павінен быць прыцягнуты да адказнасці гэтак жа па заканадаўстве, на аснове дапушчальных, дакладных і адпаведных доказаў», — заявіла адвакат, дадаўшы, што такіх доказаў віны яе падабароннага ў судзе не было.
Да абвяшчэння прысуду і пасля яго Аватараў спрабаваў атрымаць дазвол суддзі на тое, каб зрабіць нейкую заяву, у чым яму было адмоўлена. Аднак калі журналісты ўжо пачыналі пакідаць залу, асуджаны звярнуўся да іх са словамі: «Учора Лукашэнка заяўляў, што ён адказны за дзейнасць Следчага камітэта. СК падчас расследаванняў вельмі моцна парушаў мае правы. Патрабую, каб да прэзідэнта прынялі меры». Завяршыць думку Аватараву не ўдалося, бо журналістаў настойліва папрасілі пакінуць залу.
Аватараў абвінавачваўся ў незаконным абароце выбуховага прыстасавання на аснове асколачнай гранаты для станковага гранатамёта АГС-17 «Полымя» і яго незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Беларусі (ч. 2 арт. 295 КК і ч. 2 арт. 228 КК). Віну па першым складзе абвінавачаны прызнаў, па другім — не.
Тарас Аватараў (да 2011 года — Поспіх) быў затрыманы на чыгуначным вакзале ў Менску рана раніцай 26 лістапада мінулага года. Пры ператрусе ў яго былі выяўленыя маска з прарэзамі для вачэй, два пашпарты, самаробнае выбуховае прыстасаванне на аснове асколачных гранат, сігнальны пісталет, падобны на ПМ, электронныя носьбіты, чорна-чырвоны сцяг, а таксама даведка аб удзеле ў антытэрарыстычнай аперацыі на тэрыторыі Украіны ад імя «Правага сектара». У момант затрымання на падазроным была армейская бронекамізэлька.