Добры выгляд пры дрэннай гульні
Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель прагназуе, ці зменіцца ў краіне сітуацыя з правамі чалавека падчас выбарчай кампаніі.
На 29 сесіі пасяджэння ААН па правах чалавека спецдакладчык па Беларусі Міклаш Харашці адзначыў, што сітуацыя ў вобласці правоў чалавека ў Беларусі не паляпшаецца.
У сваю чаргу пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэневе Міхаіл Хвастоў заявіў, што “мандат спецдакладчыка трэба скасаваць”. Маўляў, “гэта – дыскрэдытацыя ідэй дэмакратыі і правоў чалавека”, “паміж дакладам і рэальнай сітуацыяй – прорва”.
Барыс Бухель: Спадару Хвастову трэба было б падрабязней пазнаёміцца з маніторынгамі, якія рэгулярна праводзяць праваабаронцы. Ніхто ж нічога не выдумляе з галавы, проста фіксуюцца факты. І, калі факты – гэта не “рэальная сітуацыя”, то што тады рэальная?
РР: Дзе, на ваш погляд, горшая сітуацыя з правамі чалавека: у Менску ці ў рэгіёнах?
Барыс Бухель: Адназначна, што ў рэгіёнах. У сталіцы альбо буйных гарадах яшчэ неяк можна надаць справе рэзанас, і можа быць хоць нейкі, але вынік. А ў рэгіёнах мясцовая ўлада – сама сабе гаспадар. Нават у розных аддзелах міліцыі можа быць рознае стаўленне.
РР: Улічваючы, што беларускія ўлады паспрабуюць спадабацца Захаду падчас гэтых выбараў, ці прагназуеце вы змену і ў сітуацыі з правамі чалавека?
Барыс Бухель: Мяркую, што ціск захаваецца, а месцамі, магчыма, стане нават большым. У ва многім дзеянні ўладаў, судоў супярэчаць законам і Канстытуцыі, але гэта, відаць, нікога не хвалюе. Так бы мовіць – унутраныя парадкі. Праваабаронцы на гэта ўказваюць, і гэта не ўсім падабаецца. А значыца будзе і ціск.
РР: У судах праваабаронцы могуць дабіцца справядлівасці?
Барыс Бухель: Калі ўлада лічыць, што справа носіць “палітычнае” адценне, то практычна нельга. Калі ўжо самае відавочнае парушэнне прысутнічае, то могуць адправіць справу на перагляд, ды і то са скрыпам. Так што сітуацыя з правамі чалавека і на самай справе не паляпшаецца. Як кажуць, не трэба рабіць добры выгляд пры дрэннай гульні.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота sunhome.ru