«Дойліды» – новы прадукт ад стваральнікаў «Паўстанцаў»



Гарадзенская творчая суполка «А4», якая некалькі год таму выпусціла легендарную гульню Паўстанцы выпусціла новую гульню для аматараў беларускіх настольных гульняў.

Гульня мае назву «Дойліды» і пра яе распавядае адзін з яе стваральнікаў Антон Янкоўскі:

— Настольная драўляная гульня «Дойліды» — гэта такі драўляны балансёр. Сэнс гульні ў тым, што ў вас ёсць драўляная паўсфера, у якую ўстаўляюцца дэталі рознага віду і галоўная задача, каб усё гэта не перакулілася. Сама гульня мае некалькі варыяцый: можна гуляць на балы, на выбыванне, або класічны варыянт. Агулам гэта такая простая забаўка з простымі правіламі, для дзяцей, сямейная, для моладзі.

Антон Янкоўскі ўпэўнены, што гульня “Дойліды” мае шмат асаблівасцей:

— Чарговая гульня ў серыі, па жанры яны падобныя да гульняў «На трох кітах», «Вежа». Тут крыху іншая канструкцыя, калі ў «Вежы» будуецца вежа і з яе вымаюць нейкія дэталі, у «Трох кітах» будуецца шматпавярховы будынак з розных відаў дэталей, дык тут галоўная дзеючая асоба — паўсфера, на якой усё будуецца. Падобнага жанру гульні, але з рознымі асаблівасцямі механікі.

Гарадзенцы ўпершыню смаглі паспрабаваць пагуляць у гульню “Дойліды” на гульнятэцы, якая была прымеркавана да Міжнароднага дня настольных гульняў і па словах Антона Янкоўскага гэта забаўка прыйшлася ім даспадобы.

Беларускае Радыё Рацыя