Докшыцкія ўлады выканалі сваё абяцанне



З панядзелка, 8 чэрвеня, на сваю былую пасаду старшыні Тумілавіцкага сельскага Савета, што на Докшыччыне, вяртаецца Генадзь Пацэвіч.

На фота: Генадзь Пацэвіч падчас сходу

Некалькі месяцаў таму яму прыйшлося ў добраахвотна-прымусовым парадку саступіць сваю пасаду былому кіраўніку Докшыцкага раёна Алегу Пінчуку, каб апошні дапрацаваў свой службовы стаж да 20 год. Людзі з Тумілавіцкага сельскага Савета былі супраць, нават збіралі подпісы і арганізоўвалі сходы і  адстойвалі свайго былога кіраўніка.

Як казалі жыхары сельсавета, яны змагаліся за Генадзя Пацэвіча таму, што ён добры, адказны і паважаны кіраўнік:

– За два гады зрабіў больш, чым усе астатнія. Калі б ні прыйшоў, заўсёды выслухае.

– Ніколі нікому не нагрубіяніў. Заўсёды ветлівы, адносіцца з павагай.

– Калі што папросіш, стараецца дапамагчы.

Але цяперашні кіраўнік Докшыцкага раёна Алег Кавалёнак паабяцаў людзям, што як Пінчук адпрацуе 2 месяцы, да сваёй працы зноў вернецца Генадзь Пацэвіч. І хоць не ўсе людзі паверылі, старшыня райвыканкама выканаў сваё абяцанне.

Як кажа адзін з актыўных жыхароў вёскі Тумілавічы Пётр, Алег Пінчук усё ж знайшоў паразуменне з народам і працаваў, а не проста адседжваў свой тэрмін:

– За два месяцы ён зрабіў шмат. Працаваў, у кабінеце не сядзеў. Хадзіў, ездзіў, шмат зрабіў. Малайчына, ён працаваў, рыдлёўкай сам не капаў, але кіраваў. З Докшыцаў прыязджалі экскаватары, краны – былы сакратар райвыканкама, яго там яшчэ не забыліся ды і новы, відаць, падтрымліваў.

Паводле жыхароў, Алег Пінчук за час сваёй працы зрэзаў на тэрыторыі сельсавета старыя дрэвы, павыкарчоўваў пні, навёў парадкі на могілках у вёсках Бірулі і Дзедзіна. 

Але, нягледзячы на актыўную працу Алега Пінчука,  жыхары Тумілавіцкага сельскага Савета  ўсё ж з нецярпеннем чакаюць панядзелка. Калі да сваёй працы прыступіць Генадзь Пацэвіч. Некаторыя з іх ужо зараз тэлефануюць яму і выказваюць сваё задавальненне тым, што ўбачаць яго зноў на сваёй старой пасадзе.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

На фота: Тумілавіцкі селькі Савет

На фота: Алег Пінчук

На фота: Алег Кавалёнак і Алег Пінчук

На фота: людзі на сходзе

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя