Дом у цэнтры Менску прыбралі са схемаў, каб атрымаць дазвол на будоўлю



У Менску ўжо больш за год працягваецца скандальная будоўля на вуліцы Талбухіна. Забудоўшчык з кампаніі „Вецер” не ліквідаваў парушэнні пры будаўніцтве гаража-стаянкі наўпрост у двары паміж жылымі дамамі. Больш за тое — парушэнняў стала больш.

У нядаўна атрыманых дакументах па ацэнцы шкодных выкідаў высветлілася, што перад прадстаўленнем дакументаў у Інстытут прыродакарыстання, забудоўшчык выдаліў са схемы жылы дом. Будынак па Талбухіна, 5А проста не ўлічаны пры экспертызе, што аўтаматычна робіць яе вынікі несапраўднымі.

За 4 метры ад вокнаў, што ўдалося зафіксаваць нашаму карэспандэнту, ідзе перасыпка матэрыялу на грузавікі, людзі з-за пылу не могуць адчыніць вокнаў. Жыхары звярнуліся ў пракуратуру, кажа адна з ініцыятарак змагання супраць будоўлі Галіна Сінілевіч:

– Нас больш за ўсё абурыла, здзівіла, напружыла, што на прадстаўленых нам схемах адсутнічае адзін жылы дом, які цалкам трапляе ўнутр санразрыву. Менавіта з дадзенай заявай мы звярнуліся ў пракуратуру горада Менска. 

Нягледзячы на шматлікія парушэнні, выяўленыя падчас будаўніцтва, забудоўшчык з кампаніі „Вецер” працягвае карыстацца пратэкцыяй Менгарвыканкама, заяўляюць жыхары дамоў у праблемным двары. І нават у дакументах паркоўка называецца надземнай, хаця жыхары даказваюць, што яна падземная.

Парушэнні горадабудаўнічага пашпарту выявіла і Пракуратура горада Менска, пра што інфармавала жыхароў яшчэ ў студзені. Але спыніць будаўніцтва не здолела і гэта. Паводле чутак, якія ўзмацніліся ў апошнія тыдні, гаспадар дадзенага адміністратыўнага будынка з падземнай паркоўкай Віталь Сініцкі мае планы прадаць аб’ект сусветна вядомай амерыканскай ІТ-кампаніі EPAM Systems:

– У нас распаўсюджана такая інфармацыя, якая цалкам можа аказацца праўдзівай, што гэты будынак Сініцкі ў бліжэйшы час мае намер прадаць арганізацыі EPAM. Першапачаткова стаяла пытанне, што гэты будынак будуецца для праграмістаў. Мы вельмі перажываем па гэтым пытанні.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

На дадзены момант жыхары прылеглых дамоў чакаюць адказу з пракуратуры. Яны хочуць даведацца, як можна працягваць будаўніцтва выкрасліўшы з плану мясцовасці існуючы жылы дом? І гэта калі не казаць пра санітарныя разрывы, замеры якіх праведзены з парушэннямі.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск