Затрыманыя Уладзімір Мацкевіч і Таццяна Вадалажская. Улад Вялічка – на волі (абноўлена)
Затрыманы сёння Улад Вялічка выйшаў на волю. Пра гэта паведаміла ягоная жонка. Цяпер ён пад падпіскай, паведамляецца, што допыты па ягонай справе працягнуцца.
Сёння, 4 жніўня, раніцай у Менску затрыманыя прадстаўнікі міжнароднай грамадскай арганізацыі „ЕўраБеларусь” Уладзімір Мацкевіч, Улад Вялічка і Таццяна Вадалажская. У іх дома прайшлі вобшукі, паведамляюць праваабаронцы і сваякі затрыманых.
***
Дома ў філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча праходзіць вобшук, паведамляе тэлеграм-канал праваабарончага цэнтра „Вясна”.
Паводле папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, вобшук праводзяць супрацоўнікі КДБ.
Уладзімір Мацкевіч — заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогіяў, першы кіраўнік рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» (2011–2016), заснавальнік праграмы стварэння сучаснага ўніверсітэту ў Беларусі «Лятучы ўніверсітэт», вядоўца тэлеперадачаў.
Таксама ператрусы адбыліся ў каардынатаркі Лятучага ўніверсітэту, аналітыка і сацыёлага Таццяны Вадалажскай і паплечніка Мацкевіча, былога кіраўніка EuroBelarus Улада Вялічкі. Абодвух пасля ператрусаў затрымалі і павезлі ў Следчы камітэт. Вядома, што ў пастанове на вобшук у кватэры Вялічкі значылася больш за дзясятак артыкулаў Крымінальнага кодэксу.