Допыт Андрэя Бастунца ў СК не быў звязаны з дзейнасцю БАЖ



Допыт Андрэя Бастунца ў Следчым камітэце 16 снежня не быў звязаны з дзейнасцю Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), якую ён узначальвае. Пра гэта паведамляе прэс-служба БАЖ са спасылкай на Бастунца.

Паведамляецца таксама, што допыт доўжыўся каля трох гадзін і праходзіў у прысутнасці адваката. Старшыню БАЖ дапыталі ў якасці сведкі па ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем СМІ і глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт). Падрабязнасці невядомыя, бо Бастунец даў падпіску аб невыдаванні.

Раней паведамлялася, што кіраўнік БАЖ быў выкліканы на допыт у межах крымінальнай справы аб закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы.

Беларуская асацыяцыя журналістаў — добраахвотнае, недзяржаўнае, непартыйнае аб’яднанне грамадзян, якія займаюцца прафесійнай журналісцкай дзейнасцю або садзейнічаюць яе развіццю. У межах сваёй статутнай дзейнасці БАЖ таксама аказвае дапамогу членам асацыяцыі, чые правы парушаюцца.

Андрэй Бастунец з’яўляецца членам асноўнага складу Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу, створанай у жніўні па ініцыятыве экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай. 20 жніўня Генпракуратура паведаміла, што па факце стварэння і дзейнасці КР распачатая справа па арт. 361 КК. Справу прыняло да вытворчасці галоўнае следчае ўпраўленне цэнтральнага апарату СК. Рэпрэсіі закранулі ўсіх членаў прэзідыума і большасць членаў асноўнага складу КР — многія з іх трапілі пад крымінальны пераслед, былі затрыманыя або вымушана з’ехалі за мяжу.

belapan.by