Допыт карэспандэнта БелаПАН перанесены



Допыт карэспандэнта БелаПАН Таццяны Каравянковай перанесены на 11 гадзін 9 жніўня без тлумачэння прычын, паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

Сёння ў 14 гадзін павінен быў адбыцца допыт журналісткі ў Следчым камітэце, аднак яго перанеслі, адзначаецца на сайце БАЖ.

Адвакат, з якім падпісаны дагавор, пакуль не змог сустрэцца з Таццянай.

Таццяну Каравянкову 7 жніўня пасля вобшуку ў дачным доме яе маці ў Гарадзенскай вобласці прывезлі на допыт у Следчы камітэт. Там ёй далі дзяжурнага адваката. Журналістка адмовілася даваць паказанні.

Зараз маці Таццяны знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна ў Менску. Яна прынесла дачцэ перадачу. У ізалятары ёй, нарэшце, пацвердзілі, што Таццяна сапраўды знаходзіцца там.

У менскай кватэры Каравянковай канфіскаваныя носьбіты інфармацыі: камп’ютарныя дыскі, карта памяці фотаапарата і USB-назапашвальнік. Вобшук праходзіў раніцай 8 жніўня ў працягу гадзіны.

Каравянкова затрыманая на 72 гадзіны ў межах справы, распачатай Следчым камітэтам па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)”.

Падставай для распачынання крымінальнай справы паслужыла „паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства „БелТА” аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў”. Згодна з паведамленнем СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС „выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп’ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з’яўляецца „БелТА”.

„У выніку здзейсненага злачынства РУП „БелТА” нанесеная істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад пабочнага доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці маюць дачыненне службовыя асобы выдавецкага дома „Беларуская навука”, ЗАТ „БелаПАН”, ТАА „ТутБай Медыя”. Сёння паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова”, — паведаміў 7 жніўня Следчы камітэт.

У рэдакцыях прайшлі шматгадзінныя вобшукі. Канфіскаваныя сістэмныя блокі камп’ютараў, у тым ліку тыя, што належаць журналістам, якія не фігуруюць у матэрыялах справы. Былі затрыманыя палітычны аглядальнік інфармацыйнай кампаніі Таццяна Каравянкова (знаходзілася ў адпачынку ў Гарадзенскай вобласці), галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава, рэдактары партала Ульяна Бабаед, Ганна Калтыгіна, Дзмітрый Бобрык, Галіна Уласік, Ганна Ермачонак і былая супрацоўніца tut.by Яўгенія Беразюк. Пасля Бабаед, Бобрык і Беразюк адпусцілі. На допыты ў СК дастаўляліся прысутныя пры вобысках дзяжурны рэдактар БелаПАН Андрэй Серада і генеральны дырэктар tut.by Людміла Чэкіна. Іх затым таксама адпусцілі.

Раніцай 8 жніўня ў офісе tut.by аднавіўся вобыск. Акрамя таго, следчыя прыйшлі ў кватэру журналістаў Паўла і Вольгі Быкоўскіх.

belapan.by