Допыт прэс-сакратара КР Антона Раднянкова доўжыўся каля дзвюх гадзін
Допыт прэс-сакратара Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне Антона Раднянкова доўжыўся ў Следчым камітэце каля дзвюх гадзін.
Ён быў выкліканы ў ведамства к 10.00.
„Каля 12.00 я выйшаў са Следчага камітэта, — распавёў БелаПАН Раднянкоў. — З мяне ўзятая падпіска аб невыдаванні, так што нічога расказаць не магу. Усё праходзіла карэктна і прыязна, ніякага націску на мяне не было”.
Паводле слоў Раднянкова, ён знаходзіцца ў статусе сведкі.
Каардынацыйная рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне створаная па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай, якая знаходзіцца ў Літве. Першае яе пасяджэнне прайшло 19 жніўня. На наступны дзень Генпракуратура паведаміла, што па факце стварэння і дзейнасці КР распачатая справа па арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).
На допыты ў Следчы камітэт па гэтай крымінальнай справе былі выкліканыя члены прэзідыума КР: юрыст Максім Знак, лідар страйкама МТЗ Сяргей Дылеўскі, міжнародны медыятар Лілія Уласава, былы дыпламат, чыноўнік і экс-дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка, нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Святлана Алексіевіч, каардынатар перадвыбарнага штаба Віктара Бабарыкі, паплечніца Святланы Ціханоўскай Марыя Калеснікава.
Днём 31 жніўня супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю затрымалі Лілію Уласаву, у яе кватэры прайшоў вобшук. „Раней раніцай яна была выкліканая к 15.00 у Цэнтральнае РУУС г. Мінска па факце ўдзелу ў несанкцыянаваным мітынгу”, — паведаміла ўчора прэс-служба Каардынацыйнай рады.
Два члены прэзідыума рады — Сяргей Дылеўскі і давераная асоба Святланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова — цяпер знаходзяцца ў ІЧУ ў Жодзіне, дзе адбываюць 10-сутачны адміністрацыйны арышт па абвінавачванні ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Яны былі затрыманыя раніцай 24 жніўня каля прахадной МТЗ.
28 жніўня невядомымі быў затрыманы член Каардынацыйнай рады, а таксама каардынатар штаба былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі Віталь Крыўко.
Згодна з рэзалюцыяй КР, яна ставіць сваёй мэтай не змяненне канстытуцыйнага ладу, а выхад з палітычнага крызісу, які склаўся ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, і забеспячэнне згоды ў грамадстве на аснове Канстытуцыі.
belapan.by
Фота ecoidea.by