Доступ у інтэрнэт у Менску аднавіўся
Зранку 12 жніўня ў Менску часткова аднавіўся доступ у інтэрнэт: сталі працаваць сацсеткі, месенджары (Telegram, Viber, WhatsApp), пошукавікі (Google, Яндэкс) і іншыя сайты. Таксама зноў даступнай стала анлайн-замова таксі.
Карыстальнікі могуць зайсці на большасць сайтаў без выкарыстання VPN і Proxy. Хаця ёсць звесткі, што не ўсім удаецца адчыніць папулярныя ў Беларусі рэсурсы TUT.by і Onliner.
Праблемы з доступам у інтэрнэт пачаліся ў Беларусі ў дзень выбараў – 9 жніўня. За некалькі дзён да таго сакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў папярэдзіў кандыдатаў у прэзідэнты, што інтэрнэт у краіне ў дзень выбараў могуць адключыць.
Непасрэдна 9 жніўня «Белтэлекам» паведаміў, што праблемы з інтэрнэтам звязаныя са шкодным трафікам, які ідзе з-за межаў Беларусі: маўляў, кібератакі накіраваныя на сайты дзяржорганаў. Аднак менавіта сайты дзяржорганаў працягвалі адчыняцца нармальна, хаця доступ да ўсіх астатніх быў істотна ўскладнены.
10 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што інтэрнэт у Беларусі адключаюць «з-за мяжы», а не з ініцыятывы ўладаў.
Беларускае Радыё Рацыя