Доўгі шлях да прыняцця Закона „Аб альтэрнатыўнай службе”



Беларускія прызыўнікі неўзабаве могуць прэтэндаваць на альтэрнатыўную службу. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ухвалілі шэраг правак і прынялі Закон „Аб альтэрнатыўнай службе”, які прадугледжвае магчымасць адпрацоўкі тэрміна на аб’ектах гаспадаркі ці сацыяльных установах. Гомельскі праваабаронца Алесь Яўсеянка стаяў ля вытокаў барацьбы за права на альтэрнатыўную службу ў Беларусі.

– Гадоў дзесяць таму першыя, хто сутыкнуліся з правасуддзем, гэта былі «Сведкі Іеговы». Яны пачалі распрацоўваць праект альтэрнатыўнай службы, затым перадалі яго ва ўрад. Але ўсё тармазілася. Былі суды, былі працэсы. А ў судах сутыкаліся з такой сітуацыяй, як правіла гэта былі прадстаўнікі дзяржабвінавачвання, пракуратуры, якія выказваліся, маўляў, у вайну нехта будзе гінуць, а гэтыя «альтэрнатыўшчыкі» будуць сядзець і жыраваць, дык трэба стварыць такія ўмовы альтэрнатыўнай службы, каб ім «служба мёдам не казалася».

Новы закон будзе ў асноўным датычыць грамадзянаў, чые рэлігійныя перакананні не дазваляюць браць у рукі зброю. За 2013 год было зафіксавана ўсяго толькі 8 заявак на альтэрнтатыўную службу.

Беларускае Радыё Рацыя