Драўляная забудова Гомеля дачакалася ахоўнага статусу



Помнікі гомельскай драўлянай архітэктуры канца 19-га – пачатку 20-га стагоддзя ўнесеныя ў спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці. Неўзабаве ахоўныя шыльды з’явяцца на некалькіх гарадскіх сядзібах, размешчаных на вуліцах Парыжскай Камуны, Арцёма, Пушкіна, Баўмана.

Архітэктар Сяргей Ляпін лічыць гэтую навіну пазітыўнай, аднак заўважае, што ахоўны статус зусім не гарантуе захавання будынкаў:

– Драўляная забудова горада Гомеля – яна, відаць, найбольш яскравая ў маштабе Беларусі. І яна найбольш складаная і дэкаратыўная. Але сёння з усяго вялікага масіва драўляных дамоў пачатку 20-га стагоддзя застаюцца… лік ужо ідзе не на сотні, а хутка будзе ісці на адзінкі.

Гісторык Марыя Булавінская адзначае немагчымасць рэалізацыі некаторых праектаў па захаванні гістарычнага цэнтра з-за маруднай працы чыноўнікаў з Мінкульта.

– Пакуль гэтыя чатыры гады ішлі, на Парыжскай камуне збудавалі шматпавярховікі і нейкія ідэі аб стварэнні там скансэна сталі неактуальнымі. То бок пакуль разглядалася гэтая ідэя надання статуса, пабудавалі каля гэтых драўляных будынкаў шматпавярховікі.

У спісе адметных гістарычных будынкаў, якія не дачакаліся ахоўнага статуса, быў знакаміты дом па вуліцы Валатаўскай 17.

Гэты дом быў разабраны на бярвенні дзеля вызвалення пляцоўкі для будаўніцтва шматпавярховага дома з падземным паркінгам. Паводле гарадской легенды, у гэтым доме праходзіла развітанне з апошняй гомельскай княгіняй Ірынай Паскевіч.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота generation.by