Другая беларуская група для самых маленькіх набраная ў Гародні
У дзіцячым садку №45 зацікаўленыя бацькі за рэкордна кароткі тэрмін зарганізаваліся ды набралі патрэбныя 12 дзетак для будучай групы ўзростам 2-3 гады. Цяпер у садку, з новага навучальнага году будуць дзейнічаць ўжо дзве беларускія групы. Як паведамілі бацькі, існуе нават рэзэрв з ахвотных аддаць сваіх дзетак у беларускую групу.
Вольга Валько, маці трохгадовага Станіслава, які залічаны ў новую групу, кажа, што зусім не цяжка было адкрыць беларускую групу:
– Гэта вельмі лёгка, ніякіх перашкодаў, галоўнае – самаарганізацыя, жаданне і трошкі інфармацыйная падтрымка, каб людзі ведалі. Ніякіх праблем я не бачу, і кажу сур’ёзна, што на наступны год, калі гэтым нехта захоча займацца, то галоўнае, каб былі людзі, якім гэта вельмі трэба, а ўсе астатнія людзі тады аб’ядноўваюцца гурточкам вакол. Патрэбна проста жаданне. Ніякіх перашкодаў Ніякіх. Толькі падтрымка – і з боку садочку, і з боку аддзелу адукацыі: “Калі ласка, прыходзьце, калі ласка стварайце”.
Бацькі не наракаюць на няміласць сістэмы. Самі захацелі і зрабілі. За іх кошт зроблены рамонт памяшкання, дзе будуць выхоўвацца іх дзеткі па-беларуску. Разам з групай прыйдзе і свая выхавацелька, якая натуральна, ўвесь час, карыстаецца беларускай мовай. Стварэнне новай групы не магло б прайсці лёгка, калі б не вопыт папярэдняй, першай беларускай групы ў садку №45 Гародні, якая існуе ўжо два гады.
Вольга Валько з сынам Станіславам.
Такой абвесткай запрашалі ў беларускую группу садка.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя