Другая група абвінавачаных па „пінскай справе” павінна заплаціць каля 156 тысяч рублёў



Стала вядома, што другая група абвінавачаных па “пінскай справе”, а гэта дзесяць жыхароў Пінску, у салідарным парадку павінна сплаціць амаль 156 тысяч рублёў. Гэта 32 880 рублёў матэрыяльнай кампенсацыі шкоды дзяржаўнай маёмасці і судовыя выдаткі, ды 123 тысячы рублёў кампенсацыі маральнай шкоды міліцыянтам Пінску і Століна.

Праваабаронца Алесь Рамановіч адзначае, што палітвязняў наўмысна пазбаўляюць нават магчымасці разлічваць на датэрміновае вызваленне:

– Агульную суму павінны будуць аплаціць усе фігуранты. Калі яны не аплоцяць, то гэта будзе лічыцца не пагашаная аплата на кожнага з іх. Нават калі хтосьці аплаціць 20 тысяч ці колькі, а хтосьці не даплаціць і не будзе выплачана агульная сума, то ўсё роўна ён не будзе падлягаць датэрміноваму вызваленню.

Нагадаем, што 6-га ліпеня суддзя Вера Філонік пакарала дзесяцярых пінчукоў тэрмінамі ад чатырох да пяці з паловаю гадамі зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Цяпер у дадатак яны апынуліся ў фінансавай пастцы.

Беларускае Радыё Рацыя