Суд над Эдуардам Пальчысам працягнецца 18-га кастрычніка



 

Суд над Эдуардам Пальчысам працягнецца 18-га кастрычніка а 10-й гадзіне. Пра гэта паведаміла жонка падсуднага журналіста – Вікторыя Пальчыс.

Эдуарда Пальчыса, вядомага пад псэўданімам “Джон Сільвер” абвінавачваюць у распальванні міжнацыянальнай варожасці праз матэрыялы сайта 1863.сом. «Гавораць, што працэс ідзе ў паскораным рэжыме, але інфармацыі амаль няма,» – кажа Вікторыя Пальчыс:

— Вядома, што падтрымка, якую аказваюць актывісты, чутная Эдуарду, бо вельмі добра чуваць, што яны крычаць. Словы «Свабоду Эдуарду Пальчысу» вельмі добра чуваць. Гэта яго вельмі добра падтрымлівае. Адваката кажа толькі , што Эдуард  трымаецца вельмі добра, вельмі адэкватна ўсё тлумачыць.

«Але ж гэта толькі пачатак справы, бо ў мяне ёсць прадчуванне, што справа будзе ісці вельмі доўга,» — дадала Вікторыя Пальчыс. Суд над Пальчысам праходзіць у закрытым рэжыме. Праваабарончыя арганізацыі прызналі Пальчыса палітычным зняволеным. Каля будынка Менскага гарадскога суда пад час працэсу трывае пікет салідарнасці.

****

Другое пасяджэнне па справе было прызначана на 10 гадзін раніцы 17 красавіка.

img_20161017_101418

img_20161017_101440

img_20161017_101822

Слуханне крымінальнай справы блогера, рэдактара сайта 1863x.com Эдуарда Пальчыса, вядомага як Джон Сільвер, пачалося ў Мінскім гарадскім судзе 14 кастрычніка. 25-гадовы Пальчыс абвінавачваецца ў распальванні варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў вырабе і распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343 КК).

Пасяджэнне праходзіць у закрытым рэжыме — у зале суда дазволена знаходзіцца толькі суддзям, удзельнікам працэсу і пракурору. Рашэнне аб закрытым рэжыме разгляду справы прынята на падставе артыкула 23 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, які абвяшчае, што разбіральніцтва крымінальнай справы ў закрытым судовым пасяджэнні дапускаецца „толькі ў інтарэсах забеспячэння аховы дзяржаўных сакрэтаў і іншай ахоўваемай законам тайны, а таксама па справах аб злачынствах, учыненых асобамі, якія не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту, па справах аб палавых злачынствах і іншых справах у мэтах прадухілення выдавання звестак пра інтымныя бакі жыцця асоб, якія ўдзельнічаюць у справе, або звестак, якія зневажаюць іх годнасць, і ў выпадку, калі гэтага патрабуюць інтарэсы забеспячэння бяспекі пацярпелага, сведкі ці іншых удзельнікаў крымінальнага працэсу, а таксама членаў іх сем`яў або блізкіх сваякоў і іншых асоб, якіх яны абгрунтавана лічаць блізкімі”.

Задоўга да пачатку працэсу па справе Пальчыса былі прынятыя беспрэцэдэнтныя меры бяспекі: перыметр тэрыторыі суда ахоўвалі патрулі АМАПа, на тэрыторыі знаходзілася каля двух дзясяткаў праваахоўнікаў у цывільным. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Пальчыса прывезлі ў суд у суправаджэнні некалькіх аўтамабіляў аховы, каля варот выставілі кінолагаў з аўчаркамі. Некаторы час у суд не пускалі нават адваката падсуднага Ганну Бахціну, патрабуючы, каб яна разам са сваім пасведчаннем прад`явіла яшчэ і павестку ў суд, хоць гэта не прадугледжана. Праваабаронца Таццяна Равяка, якая змагла трапіць у будынак, спасылаючыся на тое, што толькі суддзя можа апавясціць пра закрытасць працэсу, паведаміла, што пачатак пасяджэння затрымаўся на 20 хвілін з-за таго, што ў суд не пускалі адваката.

У сам будынак суда, нягледзячы на дрэннае надвор`е, не дазвалялася прайсці не толькі прэсе і прысутным, але таксама Вікторыі Пальчыс і бацькам Эдуарда. Пазней бацькам удалося трапіць у памяшканне. У выніку юрыст праваабарончага цэнтра „Вясна” (афіцыйна закрыты ўладамі ў 2003 годзе) Павел Сапелка падаў у сакратарыят Мінскага гарадскога суда скаргу на закрытасць працэсу.

На працягу сённяшняга пасяджэння зарэгістраваная ў Чэхіі арганізацыя „Малады фронт” праводзіла каля сцен суда пікет салідарнасці з блогерам. Акрамя таго, актывісты плануюць працягнуць збор подпісаў у яго падтрымку, якія будуць перадавацца ў суд праз адваката.

Прадстаўнікі дэмакратычных сіл і праваабаронцы Беларусі лічаць крымінальную справу блогера палітычнай. 5 кастрычніка шэсць беларускіх арганізацый, уключаючы Беларускую асацыяцыю журналістаў, выступілі з сумеснай заявай, у якой прызналі Пальчыса палітычным вязнем. Паводле іх ацэнкі, публікацыі, за якія будуць судзіць Пальчыса, з`яўляюцца „не больш чым аўтарскім меркаваннем аўтара на шэраг гістарычных падзей і фактаў” і „не ўтрымліваюць доказаў распальвання вайны, гвалту або нянавісці, не ўяўляюць пагрозы для нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку або здароўя і маральнасці грамадства”.

Напярэдадні сённяшняга суда „Рэпарцёры без межаў” заклікалі беларускія ўлады неадкладна вызваліць Эдуарда Пальчыса. „У святле нядаўняга незалежнага экспертнага аналізу” пастоў блогера абвінавачванні ў яго адрас безгрунтоўныя, гаворыцца ў заяве гэтай міжнароднай праваабарончай арганізацыі.

baj.by