Другі дзень Уваскрэсення Хрыстовага
Сёлета праваслаўныя, каталікі, грэка-каталікі і пратэстанты адзначаюць Вялікдзень адначасова. Апошні раз гэтая царкоўная дата супадала ў прадстаўнікоў усіх хрысціянскіх канфесій у 2010 годзе.
З велікодным віншаваннем звяртаюцца гарадзенскія рыма-каталіцкія іерархі. Ардынарый Гарадзенскай дыяцэзіі, яго эксцэленцыя біскуп Аляксандар Кашкевіч у сваім звароце да людзей нагадвае пра тое, што Уваскрэсенне Хрыстовае паказала праўду нашага жыцця і бязмежную любоў Хрыста да чалавека.
– Гэта тая самая любоў, якая была нам аб’яўлена на дрэве крыжа, сёння прамаўляе да нас ля пустога гроба. Дзейсніцца цуд уваскрэсення, як піша святы Павел: “Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з ім, ведаючы, што Хрыстос, які ўстаў з мёртвых, ужо не памірае. Смерць ужо не мае над ім улады”.
Уваскрослы Хрыстос заўсёды з намі. У кожнай справе. У хваробе, мучаніцтве, радасці нараджэння і смерці. Пра гэта кажа дапаможны біскуп Гарадзенскай дыяцэзіі Язэп Станеўскі ў сваім звароце.
– Ідзіце адважна па шляхах нашай Айчыны, каб сустрэць другога чалавека. А ў другім чалавеку – Хрыста. Каб параіць і дапамагчы. Каб прабачыць і зразумець. Каб чыніць дабро. Не бойцеся чыніць дабра. Дабро заўсёды ў выніку пераадольвае зло. Са святам вас, дарагія браты і сёстры! Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Алілуя.
Яго эксцэленцыя біскуп Язэп Станеўскі нагадаў у сваім віншаванні пра важны юбілей, які хрысціяне ўсяго свету сёлета адзначаюць: стагоддзе аб’яўлення Маці Божай у Фаціме.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня