Другой групе фігурантаў “пінскай справы” сёння, 2 ліпеня, пракуроры запросяць тэрміны зняволення
Працэс над другой групай фігурантаў “пінскай справы” падыходзіць да завяршэння. Чакаецца, што сёння, 2 ліпеня, пракуроры могуць запрасіць тэрміны для дванаццаці пінчукоў, якіх судзяць у Берасці з 31-га траўня.
На думку старшыні Пінскай арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Веранікі Івановай, прысуды для другой групы павінны быць мякчэй, чым першай:
– Мяркую, што 2 ліпеня будуць закончаныя спрэчкі, будуць заяўленыя тэрміны, пазіцыі адвакатаў і выказаныя апошнія словы абвінавачаных. Я мяркую, што на два тыдні сыдзе ў дарадчы пакой суд. Таму арыентавана можна казаць, што 16-18 ліпеня можа быць абвешчаны прысуд. Як я мяркую, будуць прасіць ад 4 да 5 гадоў.
Першую групу фігурантаў “пінскай справы”, а гэта чатырнаццаць жыхароў Пінска, пакаралі тэрмінамі ад 5,5 да 6,5 гадоў зняволення. Пінчукоў караюць за ўдзел у стыхійным мітынгу ў першы паслявыбарчы вечар. Тады ў Пінску ён скончыўся сутычкай з сілавікамі.
Беларускае Радыё Рацыя