Другую групу фігурантаў гучнай „пінскай справы” пакаралі тэрмінамі ад 4 да 5,6 гадоў



Другую групу фігурантаў гучнай „пінскай справы” пакаралі тэрмінамі ад 4 да 5,6 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суддзя Вера Філонік вынесла такі прысуд, які запрасілі прадстаўнікі дзяржаўнага абвінавачвання Міхаіл Дайнека і Сцяпан Ляшок.

Праваабаронца Алесь Рамановіч, які прысутнічаў на паседжаннях, адзначае, што сабраныя следствам матэрыялы аніяк не цягнуць на „масавыя беспарадкі”:

– У прынцыпе, гэтую справу можна было кваліфікаваць як злоснае хуліганства, але ніяк не масавыя беспарадкі. Бо не было нейкай арганізацыі і арганізатараў, усё адбывалася спантанна, аб чым і казалі адвакаты ў судзе. Таму гэты артыкул не павінен быў быць прыменены да гэтых людзей.

Нагадаем, што ўвечары 9-га жніўня каля трох тысяч пінчукоў сабраліся пад будынкам Пінскага гарвыканкама, каб пачуць вынікі галасавання па горадзе. Людзі патрабавалі сумленнага падліку і не пагадзіліся з лічбай „80% за Лукашэнка”. Праз некалькі гадзін натоўп, які ўжо разыходзіўся, паспрабавалі атарыць міліцыянты. Гэта прывяло да жорсткага сутыкнення пратэстоўцаў з сілавікамі.

Беларускае Радыё Рацыя