ДТЗ у Бярозаўскім раёне: легкавік сутыкнуўся з грузавіком
Раніцай у аўторак, 7 лістапада, на аўтамабільнай дарозе недалёка ад вёскі Стрыгінь у Бярозаўскім раёне адбылася сур’ёзная аварыя. Званок аб ДТЗ, у якім легкавік сутыкнуўся з грузавіком, выратавальнікам паступіў у 05:46, паведамляецца на сайце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі.
Два транспартныя сродкі, якія сутыкнуліся, легкавая машына «Опель-Зафіра» і грузавы аўтамабіль «Хундай», ехалі па трасе ў адным кірунку. Супрацоўнікі МНС, якія прыбылі на месца, знайшлі ў легкавым аўто заблакаванага пасажыра. Жанчыну 1983 года нараджэння прыйшлося дэблакаваць з «Опеля», выкарыстоўваючы спецынструмент. Пацярпелую пасажырку перадалі работнікам хуткай дапамогі, папярэдні дыягназ: закрытая чэрапна-мазгавая траўма.
Вадзіцелі машын не пацярпелі, у аўтамабіляў – механічныя пашкоджанні. Па факце ДТЗ праводзіцца праверка.