Duty free на межах з ЕЗ закрыюцца з 1 студзеня
З новага года беларусы і турысты, якія будуць ехаць з Еўразвязу ў Беларусь, не змогуць купіць бязмытныя тавары ў Duty free.
У літоўскім Duty free беларусы маглі купіць элітныя алкагольныя напоі, парфумерыю сусветных брэндаў. Кошт блока беларускіх цыгарэт у крамах бязмытнага гандлю пачынаецца ад 3,3 еўра (крыху танней, чым у крамах), а правозіць у Беларусь можна 10 пачкаў.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ліквідацыя крам звязаная з незаконным абаротам у крамах алкаголю і цыгарэт. Такая прычына ўжо «закрывала» крамы бязмытнага гандлю на межах з беларускім бокам. З 2007 года Duty free засталіся толькі ў нацыянальным аэрапорце Менск-2. Аднак праз шэсць гадоў, у лістападзе 2013 года, крамы аднавілі працу. У асартыменце з’явіліся тавары беларускай вытворчасці, купляць сталі з пашпартам, талонам і пад прыцэлам камер відэаназірання.
Дарэчы, не выключана, што пасля закрыцця крамаў у пункце пропуску Прывалка – Райгардас, Duty free з’явіцца з беларускага боку.
Нагадаем, паводле дзейных нормаў, у Беларусь з Еўропы паўналетнім можна ўвозіць не больш за 200 цыгарэт (10 пачкаў) і 3 літры алкаголю. Тыя, хто едзе на аўтамабілі часцей за адзін раз на тыдзень, могуць везці літр, а веласіпедысты – 0,5 літра.