Два актывісты руху „За Свабоду” пасля абскарджання дамагліся рэгістрацыі (абноўлена)



Камісіі выпраўляюць памылкі. Два актывісты руху “За свабоду” пасля абскарджання дамагліся рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў. Менская гарадская выбарчая камісія прызнала памылку Фрунзенскай выбарчай камісіі і зарэгістравала Мікіту Семяненку кандыдатам у гарсавет. Зарэгістраваны таксама актывіст Андрэй Кушнераў.

Паводле кіраўніка руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, акурат гэтыя выпадкі паказваюць, як першапачаткова лакальныя камісія перастрахаваліся.

Прычыны, па якіх першапачаткова не зарэгістравалі нашых кандыдатаў, былі розныя: кагосьці – за нібыта памылкі пры зборы подпісаў, кагосьці – за дэкларацыю. Яднае адно – камісіі, якія займаліся рэгістрацыяй, працавалі па прынцыпе канвеера. Хутчэй за ўсё, быў загад падчысціць шэрагі кандыдатаў, і натуральна падчысціць іх за кошт кандыдатаў ад апазіцыі.

Як заўважае Юрась Губарэвіч, такія маніпуляцыі нават выгадныя для ўладаў, паколькі ствараецца ўражанне абектыўнага падыходу да выбараў, хаця агульныя настроі не змяніліся.

Цэнтральная выбарчая камісія зацікаўленая, каб падобныя выпадкі фіксаваліся. І гэта, на яе думку, можа сведчыць пра тое, што ёсць аб’ектыўны падыход, што калі ёсць памылка, то камісія здольная прызнаваць яе. Па маіх назіраннях, якраз-такі тут улады вярнуліся да практыкі кампаніі 2000-х гадоў, калі проста татальна стараліся зачышчаць апазіцыйных кандыдатаў і прыдумлялі абсалютна бязглуздыя нагоды.

На фоне дзвюх перамогаў яшчэ з дзясятак кандыдатаў ад Руху «За свабоду» не зарэгістраваныя, яны рыхтуюць пазовы ў суды. Адзінае, як заўважае Юрась Губарэвіч, губляецца час, які мог быць патрачаны на агітацыю, а значыць іх кандыдаты ставяцца ў няроўныя ўмовы.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

Менская гарадская выбарчая камісія прызнала памылку Фрунзенскай выбарчай камісіі і зарэгістравала сябра руху „За Свабоду” Мікіту Семяненку кандыдатам у гарсавет. Зарэгістраваны таксама актывіст арганізацыі Андрэй Кушнераў, паведамілі БелаПАН у прэс-службе руху.

Раней Фрунзенская раённая выбарчая камісія знайшла ў Семяненкі незадэклараваную кватэру, якая, як у выніку высветлілася, яму не належыць. Гэта было падставай для яго нерэгістрацыі ў якасці кандыдата.

„У Менскай гарадской выбарчай камісіі прызналі некампетэнтнасць членаў Фрунзенскай камісіі. Прадстаўнік гэтай камісіі не сказала ні слова падчас пасяджэння па абароне сваёй пазіцыі”, — адзначыў Семяненка па выніках разгляду скаргі.

Усяго кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў, выбары якіх прызначаныя на 18 лютага, зарэгістравана 22.276 чалавек (было вылучана 22.713).

Паводле даных ЦВК, зарэгістравана 16.229 кандыдатаў, якіх вылучалі грамадзяне шляхам збору подпісаў, 6.546 кандыдатаў, вылучаных працоўнымі калектывамі, і 871 — палітычнымі партыямі.

belapan.by