Два байцы палка Каліноўскага ўключаны ў спісы на абмен ваеннапалонных



Беларускія байцы Ян „Тромблі” Дзюрбейка і Сяргей „Клешч” Дзёгцеў уключаныя ў спісы на абмен ваеннапалонных, паведамляе прэс-служба палка Каліноўскага.

„Тромблі” і „Клешч” трапілі ў палон у канцы чэрвеня пад Лісічанскам, дзе ішлі жорсткія баі з расейскімі войскамі.

У тыя ж дні полк страціў сувязь з чатырма байцамі палка. У сёняшнім прэс-рэлізе заяўляецца, што імаверна загінулі байцы батальёна „Волат” Іван „Брэст” Марчук, Васіль „Сябро” Парфянкоў, Васіль “Атам” Грудовік і Вадзім “Папік” Шатроў. Аднак дадзеная інфармацыя не з’яўляецца канчатковай.

“Не маем целаў ні аднаго з пералічаных ваяроў палка Каліноўскага”, — кажуць у прэс-рэлізе.

Украінскае грамадзянства ёсць толькі ў некалькіх байцоў палка Каліноўскага. Але ўсе байцы маюць кантракт з Узброенымі сіламі Украіны і ваенны квіток, які дае права легальна знаходзіцца на тэрыторыі краіны і магчымасць атрымаць від на жыхарства. Анлайн-петыцыя, у якой тлумачылася неабходнасць надаць грамадзянства Украіны дабраахвотнікам, набрала неабходную колькасць подпісаў украінцаў. Цяпер яе мае разгладзець прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

Фота: t.me/belwarriors