Два дамы з адным адрасам і іншыя хібы тапанімікі Воршы
У Воршы адбылася сустрэча з экспертамі па гарадской тапаніміцы, якая нядаўна перацярпела яшчэ адну сумнеўную рэформу. Справа ў тым, што гарадскія ўлады вырашылі, паводле іх словаў, “нармалізаваць” назвы вуліц у горадзе.
У выніку вуліца Марата афіцыйна стала называцца вуліцай Жана-Поля Марата, вуліца Маркса — вуліцай Карла Маркса, і так далей. І гэта не кажучы пра тое, што ніякага дачынення да Беларусі і тым больш да Воршы многія з гэтых людзей не мелі. Пры афармленні новых дакументаў, звязаных з нерухомасцю, жыхары “нармалізаваных” вуліц вымушаныя плаціць грошы за пацверджанне старых і рэгістрацыю новых папер. Назвы сталі больш доўгімі, грувасткімі і невядома, якую карысць ад гэтага мае горад. Акрамя таго, у збудаваным новым мікрараёне горада ўсе (!) вуліцы названыя імёнамі савецкіх лётчыкаў, прычым толькі некалькі з іх сапраўды звязаныя з Воршай. Імёнаў аршанскага старасты Філона Кміты-Чарнабыльскага, Канстанціна Астрожскага, Барыса Ласкіна і іншых беларускіх герояў і аршанскіх знакамітасцяў у горадзе няма дагэтуль.
Адзін з экспертаў сустрэчы па тапаніміцы мясцовы краязнаўца Алесь Шутаў паведаміў абсурдны факт пра нумарацыі дамоў. Такую сітуацыю наўрад ці знойдзеш у якім-небудзь яшчэ горадзе Беларусі.
На вуліцы Камсамольскай адразу два дамы знаходзяцца па адрасе Камсамольская, 2. Гэта крама спартовых тавараў “Старт” і корпус бальніцы.
Знаходзяцца гэтыя два дамы ў розных кварталах на адлегласці ў паўкіламетра адзін ад аднаго. Гэта выклікае нязручнасці для пошты, для таксі, бо часцяком невядома, у які менавіта дом неабходна прыязджаць.
Не меней смешная і абсурдная сітуацыя ўзнікла на вуліцы, як цяпер яе належыць называць згодна з афіцыйнай дакументацыяй, Жана-Поля Марата. Дом № 135 на ёй знаходзіцца ў 1600 метрах ад дамоў №№ 135 А, 135Б, 135Д. З дамамі №№ 135 В і 135Г сітуацыя “лягчэй” – яны “ўсяго” ў 1200 метрах ад 135-га. Больш за тое, дамы адасабляе не нейкае поле ці завод, а дзясяткі іншых дамоў, нумарацыя ідзе ад 117 да 145, а потым нечакана з’яўляюцца дамы… 117А, 118А, а за імі №№ 107, 109, 111. Вуліца не перабудоўвалася кавалкамі, адсюль і паўстае пытанне, якім чынам магла ўтварыцца такая блытаніна з нумарамі дамоў. Тут часам не могуць знайсці патрэбны дом нават жыхары самой вуліцы Марата.
Быў на сустрэчы і гістарычны блок, на якім разам з Алесем Шутавым выступіў вядомы аршанскі гісторык Віктар Лютынскі. У мінулыя гады ўсе вуліцы горада мелі сэнс у сваіх назвах. Па Дамініканскай вуліцы можна было выйсці да Дамініканскага касцёла, Сенненская вяла ў бок Сянна, галоўная вуліца горада Віцебская вяла на Віцебск. Цяпер жа яна яшчэ на савецкі манер называецца імем Леніна. Цікава, што Расейская імперыя не надта актыўнічала ў пераназваннях вуліц Воршы. Хіба Віцебская стала Пецярбургскай, што было абумоўлена высокім значэннем расейскай сталіцы на той час, у цэнтральнай частцы горада з’явіліся вуліцы Афіцэрская і Дваранская. Астатнія ж вуліцы мелі свае спрадвечныя назвы і мелі сувязь з ландшафтам, гісторыяй Воршы, а не з расейскімі імёнамі і падзеямі. Бальшавіцкая ўлада ў адрозненне ад папярэднікаў тварыла з аршанскай тапанімікай усё што хацела, вуліцы шматразова пераназываліся, у выніку большасць вуліц горада сталі насіць “чырвоныя” назвы замест гістарычных. З вялікім шкадаваннем краязнаўцы адзначылі, што і дагэтуль горад застаецца ў палоне бальшавіцкай тапанімікі, імёны Калініна, Леніна, Свярдлова застаюцца на шыльдах, нягледзячы на даўні развал Савецкага Саюза.
Часам бальшавіцкія дзеячы настолькі захапляліся зменай назваў на свой манер, што гэта прыводзіла да смешных гісторый. Пэўны час адразу дзве вуліцы насілі назву Кірава, пасля чаго адну з іх хутка пераназвалі ў Молакава, вёска Амерыка стала Краснапольцамі, а вёскі Яркі І і Яркі ІІ атрымалі несамавітую назву без прывязкі да гісторыі — Дружба. Вёска Чапеліна стала вёскай імя Чапаева. У суседнім Талачынскім раёне бальшавікі “пастараліся” так, што вёска Аглобля стала вёскай імя Розы Люксембург, што ў многіх людзей дагэтуль выклікае справядлівы смех.
На дадзены момант у Воршы 539 завулкаў, праспектаў, тупікоў, вуліц. Неабыякавыя грамадзяне ў бліжэйшы час створаць адмысловую групу, якая накіруе гораду свае прапановы па тапаніміцы. Верагодна, адным з патрабаванняў аршанцаў будзе аднавіць працу Гарадской тапанімічнай камісіі, падключыць да яе працы кансультантаў. Многія госці сустрэчы выказалі сваё абурэнне чарговым актам русіфікацыі Воршы – ўжо некалькі гадоў амаль усе шыльды з назвамі вуліц зробленыя на расейскай мове.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара