Два фатаздымкі каштавалі гарадзенскаму блогу s13.ru 50 базавых
Штрафам у памеры 50 базавых велічыняў (прыкладна 600 даляраў) пакараны рэдактар гарадзенскага блога s13.ru Сяргей Чабоцька за публікацыю двух здымкаў, якія супярэчылі закону “Аб рэкламе”.
Здымкі паказвалі выявы алкаголю, распавядае Сяргей Чабоцька:
– Фатаздымкі ілюстравалі публікацыі. Адна з іх была рэальнай сацыяльнай накіраванасці. У ёй асноўную частку займала інтэрв’ю з урачом-нарколагам пра шкоду алкаголю. Другая публікацыя была пад загалоўкам “Саўмін павялічыў квоты на выпуск “чарніл”. Сам па сабе загаловак мае на ўвазе нейкую іронію, то бок, ніхто нічога не рэкламаваў, ніякіх кантрактаў не складаў. Гэта была нашая ініцыятыва праілюстраваць дадзеныя матэрыялы менавіта такімі здымкамі.
Суд даў Сяргею Чабоцьку на выплату штрафа тэрмін у 40 дзён, і рэдактар не збіраецца яго аспрэчваць. На думку журналіста, усе гарадзенскія СМІ парушаюць гэты закон, бо на іх старонках у розных артыкулах таксама прысутнічаюць выявы алкаголю.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня