Два гады абмежавання волі – за абразу міліцыянта
31-гадовага магіляўчаніна Ігара Міцянкова за публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў Ленінскі раённы суд Магілёва прыгаварыў да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Такое рашэнне вынесла 2 лютага суддзя Таццяна Касцюк.
Нагодай да крымінальнага пераследу Міцянкова стаў яго каментар да паста за 3 верасня 2020 года „УКантакце” ў групе „Народны патруль Магілёва” з асабістымі дадзенымі супрацоўніка ДАІ Аляксандра Кіркалава. Выказванні Міцянкова ў абласной міліцыі палічылі абразлівымі, пацярпелы напісаў заяву аб прыцягненні „неўстаноўленых асоб да крымінальнай адказнасці”.
Таксама суд вынес пастанову аб выплаце абвінавачаным Кіркалаву 1.000 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды. Пацярпелы міліцыянер збіраецца перадаць грошы цэнтру анкалогіі.
Падсудны цалкам прызнаў віну і раскаяўся. У апошніх словах ён папрасіў прабачэння перад Кіркалавым. Пра матывы свайго ўчынку нічога не сказаў, але адзначыў, што гэта была памылка. На адным са слуханняў яго жонка, якая давала паказанні ў судзе як сведка, пераказала словы мужа: „Быў на эмоцыях ад становішча ў краіне, калі штрафавалі многіх людзей, якія проста сігналілі і выходзілі на вуліцу”.
Абвінавачаны прасіў суд не абмяжоўваць яго свабоду, а аштрафаваць, бо ў яго малалетняе дзіця. Ён таксама прасіў паменшыць памер кампенсацыі маральнай шкоды да 500 рублёў.
Дзяржабвінавачанне папрасіла суд прызначыць Міцянкову два гады абмежавання волі. Міліцыянер палічыў такое пакаранне суровым і папрасіў прыгаварыць свайго крыўдзіцеля да аднаго года абмежавання волі.
Між тым лінгвістычная экспертыза неадназначна трактуе словы падсуднага. У заключэнні судова-лінгвістычнай экспертызы адзначалася, што выраз Міцянкова ўтрымліваў „лінгвістычныя прыкметы абразлівасці”, а адно са слоў у ім было „непрыстойным па змесце, але не па форме”. З тлумачэння эксперта аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей Акадэміі навук, які праводзіў экспертызу, вынікала, што „лінгвістычныя прыкметы абразлівасці” не тоесныя знявазе.
У Магілёве гэта ўжо трэці абвінаваўчы прысуд за публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Так, аднаго з удзельнікаў мясцовых пратэстаў, праваабаронцы Валадара Цурпанава прыгаварылі да трох гадоў абмежавання волі за абразу двух суддзяў. Актывіста Станіслава Паўлінковіча адправілі ва ўстанову адкрытага тыпу на два гады.