Два гады калоніі і вялікі штраф за абразу начальніка міліцыі і захоўванне патронаў
Два гады калоніі агульнага рэжыму прысудзіў суд Пастаўскага раёна 49-гадовай Ірыне Палянінай. Таксама ёй належыць сплаціць маральную шкоду памерам 2000 беларускіх рублёў начальніку Пастаўскага РАУС Аляксандру Рыбакову.
Жанчыну судзілі па частцы 2 артыкула 295 (захоўванне патронаў) і артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Як высветлілася, Паляніна ў каментарах у публічнай групе „Подслушено Поставы” абразіла начальніка Пастаўскай міліцыі Аляксандра Рыбакова. Пасля гэтага ў яе хаце міліцыянты правялі ператрус, дзе і знайшлі дробнакаліберныя патроны, якія ляжалі ў кравецкай машынцы.
Прысуд Ірыне Палянінай агучыла суддзя Наталля Максімовіч:
– Паляніну Ірыну Юльяновну прызнаць вінаватай у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў і на падставе артыкула 369 Крымінальнага кодэкса прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады з накіраваннем у выхаваўчую ўстанову адкрытага тыпу. Тэрмін пакарання адлічваць з 26 красавіка 2021 года. Меру стрымання абвінавачанай у выглядзе заключэння пад варту пакінуць ранейшай да ўступлення прысуду ў законную сілу.
Дзяржаўны абвінаваўца, пракурор Пастаўскага раёна Ігар Валынец прасіў для абвінавачанай Ірыны Палянінай тры гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму, задаволіць зыскавае патрабаванне начальніка пастаўскай міліцыі 2000 беларускіх рублёў і канфіскаваць тэлефон “Самсунг”.
Акрамя асноўнага пакарання, тэлефон быў канфіскаваны, а таксама 45 спартовых паляўнічых вінтовачных патронаў Да таго ж Ірына Паляніна павінна будзе сплаціць дзяржпошліну 87 рублёў і паслугі адваката на 63 рубля 80 капеек.
Прысуд можа быць абскарджаны.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя