Два гады калоніі за тое, што штурхнуў міліцыянта
У судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска завяршыўся судовы працэс над 44-гадовым Андрэем Цімафеенкам.
Яго прызналі вінаватым паводле часткі 1 артыкула 369 Крымінальнага Кодэкса за “гвалт у дачыненні да службовай асобы” – за тое, што падчас акцыі мірнага пратэсту 6 верасня ён адштурхнуў супрацоўніка ўнутраных войскаў, які замінаў прайсці калоне. Прадстаўніца пракуратуры выставіла прапанову, каб падсуднага пакаралі 5-цю гадамі зняволення, але суддзя Сняжана Кіндзеева вырашыла, што дастатковым пакараннем будзе 2 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
На думку, спадара Сяргея, сябра Андрэя Цімафеенкі, сітуацыю супрацьстаяння справакавалі самі “сілавікі”:
– Калона ішла, ніхто нікога не чапаў, не замінаў. І тут яны выскокваюць з аўтобуса. Перагарадзілі дарогу, і Андрэй быў вымушаны выйсці на праезную частку. Гэта значыць, яны знарок правакуюць людзей на адміністрацыйныя правапарушэнні, правакуюць сутычкі з супрацоўнікамі ўнутраных органаў… А пракурор запрасіла максімальны тэрмін – прыпляла там усё што заўгодна, нават падрыў асноваў дзяржаўнай улады. Увесь вінегрэт!
Спадарыня Таццяна, сяброўка сям’і асуджанага, мяркуе, што яго пакаралі неапраўдана жорстка, і што рэзананс гэтай справы будзе мець зваротны эфект:
– Два гады зняволення – за што? Што ў нас за краіна, адна паказуха! І няўжо яны гэтага не разумеюць, няўжо яны гэтага не бачаць – хочуць напалохаць людзей, а атрымліваецца наадварот. Яшчэ больш злуюць людзей, каб народ выходзіў і высоўваў свае патрабаванні!
Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу, і адвакат з падсудным абмяркоўваюць, ці варта яго абскардзіць. Тым часам у Віцебску гэтымі днямі праходзіць яшчэ адзін суд паводле падобнага выпадку: судзяць 33-гадовага Аляксандра Кірыленку, які ў той самы дзень 6 верасня выбіў дручок з рук міліцыянта, бо той замахнуўся, каб ударыць дзяўчыну.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск