Два гады “хатняй хіміі” санітарцы за каментар „Смерць” у “Аднакласніках”
Суд Першамайскага раёна Менска 7 верасня разгледзеў крымінальную справу санітаркі Баранавіцкай цэнтральнай паліклінікі Аліны Гапонік. Яе абвінавацілі ў тым, што яна абразіла ў сацыяльных сетках прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса РБ).
Справу разглядаў суддзя Максім Трусевіч.
Па матэрыялах абвінавачвання, у перыяд з 18 жніўня па 1 верасня Гапонік публічна абразіла прадстаўніка ўлады, прапаршчыка роты АМАП Мінгарвыканкама Савіча ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Менавіта – прадставіла яго ў прыніжаючым становішчы ў “Аднакласніках” на старонцы Пятра Зіневіча, апублікаваўшы каментар „Смерць”, які палічылі абразлівым.
Аліна Гапонік цалкам прызнала віну, адмовілася ад паслуг адваката.
У яе быў праведзены ператрус, арыштаваная маёмасць (стол, ложак, тэлевізар і шафа), канфіскаваны тэлефон. У Пятра Зіневіча канфіскавалі ноўтбук.
У судзе жанчына патлумачыла, што з Пятром Зіневічам асабіста незнаёмая. Зайшла на ягоную старонку, прачытала на эмоцыях іншыя каментары пад відэа і пакінула свой. Зачыталі ранейшыя паказанні Гапонік: у іх паказана, што знаёмая асабіста з Пятром Зіневічам, у “Аднакласніках” ў сябрах, бачыць яго стужку навін. Пацярпелы Савіч даведаўся пра абразлівы каментар ад праваахоўных органаў, калі яго выклікалі з нагоды відэа і каментароў. Абвінавачаная ў зале папрасіла прабачэння.
Пацярпелы заявіў, што хоча, каб рашэнне і пакаранне было мінімальным, казаў пра тое, што „мы займаемся дабрачыннасцю, хочам пакінуць рэквізіты Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай анкалогіі, куды можна ахвяраваць грошы. Ну скажам, 1 000 рублёў. Я ўсе грошы ў якасці пацярпелага туды аддаю”.
Пазоў Аліна Гапонік прызнала цалкам.
Пракурор запрасіў абмежаванне волі на 2 гады, матэрыяльны пазоў задаволіць, маёмасць пакінуць пад арыштам, а сімку вернуць абвінавачанай. Пацярпелы быў цалкам згодны, калі „гэта самае гуманнае рашэнне”.
Пасля перапынку агучаны прысуд: абмежаванне волі тэрмінам на два гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Таксама задаволены матэрыяльны пазоў у памеры 1 000 рублёў.