Два гады “хатняй хіміі” за абразу міліцыянта
Старшыня суда Пружанскага раёна Вадзім Мазоль пакараў за абразу міліцыянта мясцовую прадпрымальніцу Людмілу Карасоўскую.
Жанчына асуджана на 2 гады “хатняй хіміі”. Акрамя гэтага яна павінна выплаціць 300 рублёў маральнай шкоды “пацярпеламу” Дзмітрыю Казарэнку за слова “скот” пад яго здымкам ў тэлеграм-канале “Пружаны” пасля апісання яго “подзьвігаў” пры змаганні з нязгоднымі з выбарчым працэсам і яго вынікамі.
Кажа прысутны на судзе паэт-пчаляр Мікола Папека:
– У звычайных, людскіх абставінах гэты суд закончыўся б, не пачаўшыся. Таму што Людміла выбачылася перад міліцыянтам, у тым ліку па ўсіх каналах беларускага тэлебачання. Але гэтага аказалася для нашых міліцыянтаў недастаткова.
Паводле сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Сержука Русецкага, у цывілізаванай дзяржаве нельга нават сабе ўявіць крымінальнае пакаранне за суб’ектыўную ацэнку дзеянняў міліцыянта адной з падаткаплацельшчыц:
– У Еўрапейскім звязе заканадаўча прынята, што абраза дзяржаўнага службоўцы менш значная, чым звычайнага грамадзяніна, паколькі грамадства наняло яго на працу. І, адпаведна, да яго працы можа быць больш крытычных заўвагаў.
Дзмітрый Казарэнка 9 жніўня выганяў разам з аўтаматчыкамі незалежных назіральнікаў з выбарчага ўчастка. 10 жніўня арыштаваў маладога чалавека за адзіночны пікет, і той быў пакараны 10 суткамі арышту. 5 кастрычніка разам з калегам прыйшоў дадому да немаладога чалавека і той быў пакараны штрафам 20 базавых за рэпост у інтэрнэце аб сустрэчы з аднадумцамі.
Беларускае Радыё Рацыя