Два гады „хатняй хіміі” — за каментар у „Аднакласніках”



Крымінальную справу ў дачыненні да Валянціны Пісарук, якую вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады, разглядзелі за 30 хвілін.

Фота baj.by

У судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 6 кастрычніка разглядзелі крымінальную справу ў дачыненні да Валянціны Пісарук, якую вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса, паведамляюць праваабаронцы.

Згодна з абвінавачваннем, 27 жніўня Валянціна Пісарук знаходзілася дома і са свайго тэлефона пакінула ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» пад фота намесніка начальніка Кобрынскага РАУС па ідэалагічнай і кадравай працы Віктара Турчыновіча, размешчаным іншым карыстальнікам, абразлівы каментар, “які з’яўляецца негатыўнай ацэнкай пацярпелага, грубай, ненарматыўнай формай маўленчага выказвання ў адрас прадстаўніка ўлады”.

Жанчына ў судзе сваю віну прызнала і патлумачыла, што пад фатаграфіяй пацярпелага хтосьці з карыстальнікаў сацсеткі напісаў, што ён збіваў людзей падчас пратэстаў, таму яна на эмоцыях напісала зняважлівае слова.

Пацярпелы ў суд не з’явіўся, прасіў разглядаць справу без яго ўдзелу, заявіў грамадзянскі пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.

Падчас спрэчак бакоў пракурор Вадзім Карачун прасіў суд прызнаць Валянціну Пісарук вінаватай і прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады, тэлефон абвінавачанай канфіскаваць у даход дзяржавы, а таксама задаволіць пазоў пацярпелага ў разумных і справядлівых межах.

Суддзя Сяргей Данільчык пастанавіў — пакараць жанчыну двума гадамі «хатняй хіміі», а таксама спагнаць на карысць пацярпелага кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.

Крымінальную справу разглядзелі за 30 хвілін.