Два гады таму ў Слоніме адбыўся “Марш недармаедаў”, а праблемы не вырашаюцца



Два гады таму ў нядзелю, 19 сакавіка, у 15 гадзін у Слоніме на плошчы Леніна адбыўся Народны сход, у якім прынялі ўдзел больш за 300 чалавек.

Перад пачаткам сходу, пераапранутыя супрацоўнікі міліцыі акружылі невялікую плошчу Леніна, дзе пачынаўся мітынг. Яны зайшлі ва ўсе магазіны, якія знаходзяцца побач з плошчай, нахабна паказвалі пасведчанні і станавіліся каля вакон у крамах. Некалькі міліцыянтаў зайшлі ў драмтэатр, з другога паверху і з касы тэатра глядзелі на плошчу і „кантралявалі” сітуацыю. З плошчы Леніна ўсю інфармацыю ім скідвала адна кабета па тэлефоне. Яна знаходзілася каля мітынгоўцаў. Слонімцы пайшлі да будынка райвыканкама, дзе на сустрэчу з людзьмі выйшаў былы ўжо старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі.

Людзі задавалі яму шмат пытанняў, найперш, звязаных з тым, чаму ў Слоніме закрываюцца прадпрыемствы, чаму на тых прадпрыемствах, якія яшчэ працуюць, старое абсталяванне, чаму вельмі дарагія медыкаменты, чаму людзей засыпаюць штрафамі, чаму ў людзей у кашальках няма грошай. Алег Таргонскі стараўся адказаць на пытанні людзей і запрашаў у любы дзень, у любы час прыходзіць да яго ў кабінет і разам вырашаць праблемы. Удзельнікі Народнага сходу прынялі рэзалюцыю, якую перадалі ў райвыканкам. Глядзіце тут.

У той дзень адзін з арганізатараў “Маршу недармаедаў” Віктар Марчык быў схоплены літаральна праз гадзіну пасля акцыі, на якой старшыня Слонімскага райвыканкаму Алег Таргонскі  абяцаў нікога не караць за ўдзел у мерапрыемстве. Сярод тых, хто арыштоўваў Віктара Марчыка быў намеснік начальніка Слонімскага РАУС Вадзім Шчурскі…

Прайшло два гады, але праблемы людзей так і не вырашыліся і не вырашаюцца. У Слоніме пазакрывалася шмат прадпрыемстваў, у бальніцы не хапае дзесяткі ўрачоў, у сельскай мясцовасці закрываюцца бібліятэкі, клубы, паштовыя аддзяленні, магазіны. Вуліцы ў Слоніме ў страшным стане, рамонту патрабуюць шматпавярховыя дамы, моладзь пакідае горад у пошуках большых заробкаў, на пасадах працуюць некампетэнтныя людзі, не вырашаюцца сотні сацыяльных і іншых праблемаў людзей.

Беларускае Радыё Рацыя