Два пінскія тэлеграм-чаты прызнаныя экстрэмісцкімі



Яшчэ два тэлеграм-чаты прызналі экстрэмісцкімі ў Беларусі. Суд Пінскага раёна і Пінска па заяве міжрайпракуратуры прызнаў экстрэмісцкімі матэрыялы рэсурсаў «ПИНСК для ЖИЗНИ ЧАТ» і «Пинск 97%».

Як паведамляе пракуратура, устаноўлена, што ў іх размяшчаліся заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці, гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, каментары з абразамі і пагрозамі ў адрас праваахоўнікаў і іншыя радыкальныя паведамленні, што распальваюць варожасць і розніцу па палітычных і ідэалагічных матывах.

Суд Пінскага раёна і г. Пінска задаволіў заяву пракурора ў поўным аб’ёме і дапусціў неадкладнае выкананне прынятага рашэння. Яго копія накіраваная ў Міністэрства інфармацыі для ўключэння ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і блакавання інтэрнэт-рэсурсаў, якія спрыяюць распаўсюджванню экстрэмісцкіх матэрыялаў на тэрыторыі Беларусі.