Два прызыўнікі з Наваполацку будуць служыць у роце айцішнікаў



Восеньскі прызыў 2018 года стартаваў у жніўні і завершыцца ў лістападзе. Прызыўнікі з Наваполацку, а гэта каля 140 чалавек, будуць служыць у Віцебску і Віцебскай вобласці, а таксама ў Менску і Менскай вобласці, у Гародні і Берасці, распавёў novaya.by начальнік аддзела прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята Полацкага, Расонскага раёнаў і Наваполацка падпалкоўнік Арцём Ласіца.

Позвы прызыўнікі пачалі атрымліваць з першых дзён жніўня. Як правіла, ваенны камісарыят накіроўвае позвы ў ЖЭС, навучальныя ўстановы, па месцы працы для асабістага ўручэння грамадзянам. Таксама позву могуць уручыць супрацоўнікі органаў унутраных спраў у выпадку, калі, напрыклад, грамадзянін знаходзіцца ў вышуку.

Калі параўноўваць статыстыку за восем месяцаў 2018-га і аналагічны перыяд мінулага года, у наяўнасці значнае зніжэнне колькасці прызыўнікоў, якія знаходзяцца ў вышуку (са 170 да 130). Колькасць ухілістаў, якія без паважных прычын не з’явіліся на мерапрыемствы прызыву, – на ранейшым узроўні. Іх не больш за 7 чалавек, паведамляе «Наваполацк сёння».

Журналіст: Ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь гэтай восеньню будзе створана рота інфармацыйных тэхналогій. Колькі прызыўнікоў з нашага рэгіёну папоўняць яе шэрагі?

– Рота інфармацыйных тэхналогій будзе сфарміравана на базе Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. На дадзеным этапе з Наваполацка плануюцца два прызыўнікі, якія скончылі вышэйшую навучальную ўстанову па спецыяльнасці «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій». Гэта выпускнікі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Журналіст: Па якіх крытэрах праходзяць адбор навабранцы-айцішнікі?

– Абавязкова наяўнасць вышэйшай адукацыі і кваліфікацыі «праграміст». Гэта прызыўнікі з высокім узроўнем разумовых здольнасцяў. Думаю, за час службы ў хлопцаў ёсць усе шанцы праявіць сябе, рэалізаваць свой патэнцыял. Перад імі адкрыюцца вялікія перспектывы для далейшай кар’еры ва Узброеных Сілах нашай краіны.

gorod214.by