Два суды над прафактывістамі: у адзін дзень, у адзін час
За пікет, які правялі супраць звальнення з вытворчага аб’яднання “Полацк-Шкловалакно” прафсаюзнага актывіста Міколу Шараха, будуць судзіць і самога Міколу, і іншага прафсаюзнага актывіста – Віктара Стукава.
Пікет адбыўся 28 красавіка. Пасля акцыі два чалавекі ў цывільным гвалтоўна затрымалі Шараха і даставілі ў міліцыю, дзе на яго склалі два пратаколы: за непадпарадкаванне міліцыі і недазволенае пікетаванне. На наступны дзень пратакол за незаконнае пікетаванне склалі і на Віктара Стукава, – расказвае Мікола Шарах. Вядома ўжо і дата судоў:
– Стукаву даўно паведамілі, што ягоны суд 16-га. А адносна мяне маўчалі. Стукаў спытаў: а з Шарахам што? «А не скажам». Тады я сам патэлефанаваў і запытаўся. Кажуць: мы вам позву паслалі, а тэлефон ваш не адказвае. Але ніхто не званіў і ніякай позвы я яшчэ не атрымаў. Але ўсё роўна суд прызначаны – на 16-ае а 10.00, у той самы дзень і час, як і ў Стукава, толькі ў мяне іншы суддзя.
Мікола Шарах напісаў скаргу ў пракуратуру на паводзіны міліцыянтаў падчас затрымання, і на тое, што ў пастарунку яму не дазволілі выклікаць адваката.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя