Два святары БПЦ падалі ў СК хадайніцтвы пра асабістую паруку ў дачыненні да Ігара Лосіка
Два святары Беларускай праваслаўнай царквы падалі ў галоўнае следчае ўпраўленне цэнтральнага апарату Следчага камітэта хадайніцтвы пра асабістую паруку ў дачыненні да палітвязня Ігара Лосіка, які трымае галадоўку. Гэтую інфармацыю БелаПАН пацвердзіў адвакат блогера Дзмітрый Лепрэтар.
Святары матывавалі свой крок спробай дапамагчы Лосіку захаваць жыццё.
Адзін з паручыцеляў іерэй Аляксандр Кухта на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” адзначыў, што ніколі не быў падпісчыкам тэлеграм-канала „Беларусь галаўнога мозгу”, стваральнікам якога з’яўляецца Лосік, не чытаў яго, але ведае аб выстаўленні Ігару сур’ёзнага абвінавачання і распачынанні крымінальнай справы.
„Ці вінаваты Ігар? Вырашыць суд. Але сам ён кажа, што справа сфабрыкаваная і гэта палітычны працэс. А яшчэ Ігар пачаў галадоўку (піць ваду, гарбату і вітамінкі можна. Усё астатняе нельга), якую трымае ўжо 36 дзён. Ён патрабуе вызваліць яго з-пад варты, — піша святар. — З іншага боку (наколькі я разумею), дзяржава таксама пайшла на прынцып і (пакуль што) ігнаруе ўсе патрабаванні Ігара. Складана сказаць, чым скончыцца гэтая гісторыя, але ёсць верагоднасць, што чалавек памрэ”.
Кухта падкрэсліў, што не лічыць выбар Лосіка правільным, паколькі ў выніку яго сям’я можа застацца „без роднага чалавека”, аднак можа ўзяць на сябе „трохі адказнасці за жыццё чалавека”. „Я не хачу, каб па дурасці памёр чалавек, а яго сям’я засталася сіратой. Таму сёння я падаў у Следчы камітэт хадайніцтва аб тым, каб мяне прызналі яго паручыцелем. Калі гэты план спрацуе, то Ігар паедзе дадому і пачне есці. А далей я ўскладаю надзеі на Бога”, — заявіў святар.
Ён запрасіў далучыцца да яго хадайніцтва і іншых святароў.
Раніцай 20 студзеня тэлеграм-канал „Рупар БДМУ” паведаміў, што ў знак салідарнасці з Лосікам абвясцілі галадоўку дзве студэнткі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Маргарыта Трафімовіч і Элеанора Арзуманян.
Канал прыводзіць заяву Арзуманян, што яна будзе галадаць „столькі часу, наколькі хопіць сіл”. „Я перакананая, што ён робіць памылку, і бачу толькі адзін спосаб уздзеяння на яго рашэнне — далучыцца да галадоўкі”, — піша дзяўчына.
Стваральнік тэлеграм-канала „Беларусь галаўнога мозгу” Ігар Лосік знаходзіцца пад вартай з 25 чэрвеня 2020 года і прызнаны палітвязнем. Першапачаткова ён быў абвінавачваным паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 15 снежня стала вядома, што Лосіку выстаўлена новае абвінавачанне — па арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Тэлеграм-канал „Беларусь галаўнога мозгу” выказаў здагадку, што гэта зроблена „з мэтай пакінуць Ігара пад вартай, бо 25 снежня мінаў гранічны тэрмін яго ўтрымання па папярэднім абвінавачанні”.
Лосік віну не прызнае і адрэагаваў на новае абвінавачанне бестэрміновай галадоўкай да зняцця ўсіх абвінавачанняў альбо змены яму меры стрымання. Разам з ім у той жа дзень абвясціла пра бестэрміновую галадоўку яго жонка, аднак 21 снежня паведаміла, што з-за націску на сям’ю вымушана яе спыніць.
25 снежня стала вядома, што Лосіку працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на тры месяцы.
19 студзеня Дзмітрый Лепрэтар паведаміў БелаПАН, што стан здароўя Лосіка пагоршыўся: „Ён адчувае слабасць, артэрыяльны ціск на працягу дня вельмі нестабільны”.
Паводле слоў адваката, нягледзячы на няважнае самаадчуванне, Лосік заяўляе, што „будзе галадаць далей”.
belapan.by